Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эратычная гульня стане гісторыка-культурнай каштоўнасьцю


Народная моладзевая гульня «Яшчур» вёскі Гута Варапаеўскага пасялковага савета на Віцебшчыне ўвойдзе ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, паведамляе Белта.

Прапанову ўхваліла Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі.

Гульня «Яшчур» (па-мясцоваму «Яшчар») была шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне. У 2012 годзе яна была адноўлена ўдзельнікамі фальклорнага гуртка Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра.

Яшчур — старажытная летняя абрадавая дзея ўсходніх славян. Яна можа мець дачыненьне да рытуальнага шлюбу з татэмнай істотай — жаночай ініцыяцыяй. Цэнтральную ролю тут выконваў сымбаль дзявочай нявіннасьці — вянок. Яго патрабавалася выкупіць у хлопца-Яшчура па папярэдняй дамоўленасьці розным шляхам: не засьмяяцца, калі Яшчур сьмешыць, ці трэба яго пацалаваць, ці выканаць іншае заданьне.

Яшчур можа сядзець у арэхавым кусьце: «арэшкі лускае, сабе дзевак выбірае». Паводле Людмілы Чатовіч, супрацоўніцы Цэнтра культуры і народнай творчасьці Пастаўскага раёна, у сувязі з арэхавым кустом ці лушчэньнем арэхаў, у этнаграфіі дасьледаваны эратычны зьмест гэтых вобразаў. У іншым варыянце сустракаюцца словы «Яшчур зямлю точыць, жаніціся хочыць» — усьведамленьне ў старажытнасьці еднасьці плоднасьці зямлі і жанчыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG