Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыёт двух народаў. У Горадні памёр лідэр першай суполкі беларускіх літоўцаў


У Горадні на 81-м годзе жыцьця памёр стваральнік і шматгадовы кіраўнік Горадзенскага грамадзкага аб’яднаньня літоўцаў «Тэвіне» («Бацькаўшчына») Альгіс Дзіргінчус.

Вясёлы, жыцьцярадасны чалавек. Інтэлігентны, мужны, таленавіты, вельмі прыязны. Творчы дакумэнталіст, літоўскі і беларускі патрыёт. Так узгадваюць пра Альгіса Дзіргінчуса тыя, побач з кім ён пражыў многія гады.

На пачатку 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя Дзіргінчус — адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў Горадзенскага тэлебачаньня. Аляксандар Мілінкевіч, які быў блізка знаёмы зь Дзіргінчусам, згадвае, што падчас першых крокаў Горадзенскага тэлебачаньня напрыканцы 60-х ён быў адной з зорак новай каманды.

«Яго вылучалі крытычнае мысьленьне, прынцыповасьць і прафэсіяналізм», — кажа Мілінкевіч. — «Быў не такі, як усе. Яго думкай многія даражылі, а шмат хто папракаў. Альгіса адрозьнівала перш за ўсё літоўская ідэнтычнасьць, а тады такое не віталася. Панавала савецкасьць», — згадвае Мілінкевіч.

Аўтар фільму пра Горадню

Жыхарам Горадні Дзіргінчус запомніўся як стваральнік першага дакумэнтальнага фільму пра яе: «Мы — горадзенцы» (1974). У фільме можна пабачыць многіх вядомых горадзенцаў таго часу, у тым ліку Васіля Быкава, Вольгу Корбут і ейнага трэнэра Рэнальда Кныша.

Натальля Макушына, якая працавала тады ў адной камандзе зь Дзіргінчусам, кажа, што ў 1988 годзе яго з працы звольнілі камуністы:

«Тады ён перажыў першы інфаркт, бо не ўяўляў жыцьця безь любімай працы. Які ён быў? Захоплены сваёй справай прафэсіянал, ня той, хто ідзе на кампраміс зь нягоднікамі, прыстойны чалавек і надзейны сябра. Быў. Цяжка гэта ўсьведамляць...» — кажа Натальля Макушына.

У часы перабудовы Альгіс Дзіргінчус — сярод тых, хто зьбіраецца на шматлікіх мітынгах і патрабуе дэмакратычных пераменаў. На пачатку 90-х стварае ў Горадні першае грамадзкае аб’яднаньне літоўцаў «Тэвіне». Аддае адраджэньню літоўскай культуры на Горадзеншчыне ўсе свае сілы, час і здароўе.

«Ён любіў казаць: сапраўдная культура не баіцца іншай, а радуецца і падтрымлівае. Калі цэніш сваё, напэўна будзеш паважаць чужое. Гэта ж вялікае багацьце, і мы адказныя за захаваньне таго, што нас яднала стагоддзямі», — згадвае словы Дзіргінчуса Аляксандар Мілінкевіч.

У творчых плянах Дзіргінчуса было зьняць фільм пра супольнае беларуска-літоўскае мінулае Горадні. Але зьдзейсьніць гэта не давялося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG