Міхэіл Саакашвілі, які стаў прэзыдэнтам Грузіі ў выніку «Рэвалюцыі ружаў», лічыць, што ў Армэніі не атрымаецца правесьці рэформы, не пасварыўшыся з Расеяй. Пра гэта ён заявіў у эфіры «Настоящего времени».
«Пытаньне вонкавай арыентацыі — гэта не пытаньне дэклярацый, гэта пытаньне ладу жыцьця. Ва Ўкраіне цяпер на словах антымаскоўскі рэжым, але паводле ладу жыцьця ўкраінская эліта бярэ прыклад з маскоўскай, як і ў Грузіі, у Малдове, у Армэніі. Фармуюцца абсалютна аднолькавыя рэжымы», — сказаў Саакашвілі.
«У Нікола Пашыньяна ўжо ёсьць праблемы з Масквой. Ужо цяпер армянская эліта паспрабавала яго адсунуць у бок, паспрабавала скрасьці плён рэвалюцыі. Ва Ўкраіне гэта адбылося на працягу некалькіх гадоў, а тут ужо на другі дзень», — адзначыў ён.
25 красавіка прыхільнікі лідэра армянскай апазыцыі Нікола Пашыньяна аднавілі акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. Гэта адбылося пасьля таго, як заплянаваныя перамовы паміж Пашыньянам і прадстаўнікамі кіроўнай партыі сарваліся. Апазыцыйны лідэр заклікаў дэманстрантаў сабрацца на плошчы Рэспублікі ў Ерэване і «замацаваць перамогу аксамітнай народнай рэвалюцыі».
Сэрж Саргсьян, прызначаны на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі 17 красавіка, абвясьціў пра сваю адстаўку 23 красавіка. У Ерэване ды іншых гарадах краіны з 13 красавіка праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць прызначэньня яго прэмʼер-міністрам.
Сэрж Саргсьян займаў пасаду прэзыдэнта краіны 10 гадоў. Пасьля канстытуцыйнай рэформы 2015 году паўнамоцтвы прэмʼера пашырыліся.