Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Станкевіч: Зь сябрамі-пісьменьнікамі мы размаўляем пра рыбалку і футбол


Юры Станкевіч
Юры Станкевіч

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Юры Станкевіч.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Воляй непрыхільнага да нас лёсу мы сустракалі цяпер 100-годзьдзе БНР ва ўмовах татальнай русыфікацыі, і таму шэраг значных сусьветных літаратурных зьяваў магчыма прачытаць толькі па-расейску. Некаторыя маладыя перакладчыкі на родную мову працуюць без дапамогі, на голым энтузіязьме — адсюль і вынікі.

Таму цяпер я чытаю «На шхерах» Аўгуста Юхана Стрынбэрга на мове ўсходняга суседа. Кампэнсую гэта беларускамоўнымі перакладамі, запазычанымі з інтэрнэту. Перачытаў «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, выдатны пераклад «Юстыцыі» Фрыдрыха Дзюрэнмата, некаторыя тэксты Джэка Лондана, Джозэфа Конрада, Альбэра Камю, Іва Андрыча, Штэфана Цвайга і інш. Дзякуй «Палічцы»! Гэты сайт — асноўная мая крыніца.

Альбэр Камю
Альбэр Камю

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

На «чытанку» не так і шмат часу, да таго ж у правінцыйных бібліятэках скасавалі выпіску многіх літаратурных часопісаў, у прыватнасьці «Иностранную литературу».

З лепшых апошніх прачытаных кніг запомніліся «Ганьба» Джона Максуэла Кутзэе (нобэлеўскага ляўрэата), «Князь» эстонскага празаіка Яна Кроса, «Элемэнтарныя часьцінкі», «Сьвет як супэрмаркет» і некаторыя іншыя рэчы Мішэля Ўэльбэка, выдатныя навэлы Дына Буццаці, сярод якіх — «Сем паверхаў», лічу, адна з лепшых у сьвеце пасьля «Рахманай» Дастаеўскага, і г.д.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Водгукі, рэцэнзіі альбо простая цікаўнасьць. Іншым разам хапае адной ці двух старонак разгорнутай наўздагад кнігі, каб ацаніць яе вартасьць. Як выказаўся калісьці Жан-Філіп Тусэн: «Галоўнае ў кнізе — нябачнае, як душа. Безь яе кніга будзе безжыцьцёвай лялькай.»

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Гэта ў Холдэйна: «Сусьвет ня толькі больш незвычайны, чым мы ўяўляем, ён яшчэ нашмат больш незвычайны, чым мы здольны сабе ўявіць». І, адпаведна, у Джэймса: «Магчыма, мы самі ў Сусьвеце падобныя да сабак і катоў у нашых бібліятэках, якія бачаць кнігі і чуюць размову, але ня маюць найменшага разуменьня, пра што яна»…

Зацікавіўся з гэтай нагоды адным з тэкстаў сусьветна вядомага філёзафа і навукоўца Ніка Бострама, дзе ён распрацоўвае так званую «бастардавую ідэю», што мы існуем ня ў базавай цывілізацыі, а ў субматэрыі, кампутэрнай сымуляцыі — што цалкам верагодна, калі нагадаць пра мурмурацыю, тэлегонію, полтэргейст і шмат чаго іншага, што нельга растлумачыць на ўзроўні сучаснай навукі. Лічыў жа Кафка містычнай рэччу друкарскую машыну, а ўжо зараз — Сеціва, сотавая сувязь, палёты на Месяц, адронны калайдэр…

Нік Бострам
Нік Бострам

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Прапушчаны раней «Вялікі Гэтсбі» Ф. С. Фіцджэралда.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Імкнуся, калі спрыяе час, пазнаёміцца з творамі намінантаў на нобэлеўскаю прэмію і, вядома, ляўрэатаў, калі іх пераклалі. З сучасных замежных аўтараў падабаюцца Пітэр Акрайд, Амелі Натомб, некаторыя іншыя. З нашых, беларускіх, у паэзіі — Алесь Разанаў, які, на мой сьціплы погляд, цалкам варты і «нобэля»; Славамір Адамовіч з выдатным раманам у прозе «Цана Эўропы». Адзначу крытыкаў Паўла Абрамовіча, Леаніда Галубовіча, Міхася Южыка, Сяргея Грышкевіча, Кастуся Касяка, Зьмітра Копася, а ў журналістыцы — незраўнаную Ірыну Халіп.

Юры Станкевіч выходзіць на сьвятло

Хоць зьяўляюся аўтарам некалькіх п’есаў і сцэнараў, трымаюся на адлегласьці ад тэатру і кіношнікаў і вочы ім не мазолю па вядомых не аднаму мне прычынах. Апошні раз быў у тэатры на прэм’еры ўласнай п’есы «Шэры-брэндзі, ангел мой», пасьля зьнятай з пракату ў таямнічых абставінах.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

У сэнсе сатыры гэта, безумоўна, «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» Сяргея Пясецкага, а таксама «Здані і пачвары Беларусі» Францішака Хлуса і Марціна Юра.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Можа і плакаў зусім малым над казкай пра якіх «трох парасятак», дакладна не памятаю.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Злаваць, можа, і бессэнсоўна, а расчараваньне іншым разам мае месца, як, прыкладам, з слабым, але штучна расьпіяраным раманам Уладзімера Някляева «Аўтамат з газіроўкай і без», дзе ў ружовых танах апісваўся так званы «гурток Хадзеева» — «мутная» кватэра, якая, па чутках, была пад пільным наглядам, а гаспадар, пад такім жа пільным наглядам, выконваў ролю вальнадумца.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Даўгія паэмы, жаночыя мэлядрамы, эпіграмы, мэмуары.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Чытаю і на паперы, і з электроннай кніжкі, як правіла, увечары.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

На паліцах, дзе ж яшчэ.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Хіба што дробная заначка ў якім-небудзь тоўстым фаліянце.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Ад Сьвятланы Алексіевіч — 2-томнік, і ад Уладзі Арлова некалькі кніжак эмігрантаў — каля 20 год таму, ды ад заўчасна памерлага Лёні Маракова — кнігу пра ахвяраў масавых рэпрэсіяў.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Герой — Аякс Тэламанід зь міталёгіі старажытных грэкаў. Адтуль жа і антыгерой — хітры ашуканец Адысэй.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

У дзяцінстве пакутваў на боязь цемры, таму і паліў газьніцу над кнігамі, пра што напісаў у рамане «Паўночны вецер для сьпелых пладоў». Чытаў шмат, пералічыць усё лепшае даволі складана. Зь дзіцячых памятаю «Олівэра Твіста» Чарлза Дыкенса, «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра, «Аэліту» Аляксея Талстога.

Чарлз Дыкенс на карціне Робэрта Баса
Чарлз Дыкенс на карціне Робэрта Баса

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Пэўна, кожны сам вызначае, што яму чытаць.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

З якой рацыі гэта рабіць? Па-першае, празаікі, якія любяць узнёсла гаварыць аб пісьменстве — звычайныя тэарэтыкі, а не практыкі. Са сваімі сябрамі-пісьменьнікамі мы ўвогуле размаўляем пра рыбалку і футбол.

Па-другое, пісьменьнік заўсёды ў сваёй творчасьці, так бы мовіць, распранаецца, некаторыя, як Жан-Жак Русо, на мяжы з маніякальнасьцю, і — што большага і новага яны скажуць па-за сваімі творамі?

І, па-трэцяе, я не люблю прыватных літвечарынаў, і я не настолькі значная асоба, каб запрашаць тых, ад твораў якіх я ў захапленьні.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?


Калі я гэтага варты, то — каго Бог пашле.

Што вы перачытваеце?

Перачытваю, калі ёсьць час, асобныя творы Іва Андрыча, Кнута Гамсуна, Альбэра Камю, Фёдара Дастаеўскага, Кузьмы Чорнага, Уладзімера Караткевіча.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Пляную дабрацца да «Иностранной литературы» за апошнія 2 гады і пазнаёміцца з тым новым, што зьявілася ў сьвеце.

Літанкета Свабоды: Юры Станкевіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG