Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Радыё Свабода асудзіў напады на журналістаў у Армэніі

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Томас Кент
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Томас Кент

Тры журналісты Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў мінулыя выходныя дні зьведалі напады ў Армэніі, пры асьвятленьні масавых дэманстрацый супраць прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна. Пратэставыя акцыі завяршыліся ў панядзелак, 23 красавіка, адстаўкай Саргсьяна.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Томас Кент выступіў з заявай, у якой адзначаецца:

«Напады на журналістаў, якія выконваюць сваю працу, непрымальныя. Той факт, што паліцэйскія знаходзіліся сярод тых, хто нападаў ці заахвочвалі напады, выклікае асаблівую трывогу, і мы патрабуем найхутчэйшага прыцягненьня вінаватых да адказнасьці».

22 красавіка паліцыянт у Балаклаве напаў на Наір Булгадар’ян, рэпартэрку Армянскай службы РСЕ/РС (Радыё Азатутюн), была пашкоджаная камэра, з дапамогай якой вялася прамая трансьляцыя з плошчы Рэспублікі ў цэнтры Ерэвану, галоўнага месца пратэставых маніфэстацый. Трансьляцыя, якую вяло Радыё Азатутюн, была перапыненая. Булгадар’ян зьвярнулася са скаргай да намесьніка паліцэйскага кіраваньня Ерэвана, які каардынаваў дзеяньні паліцыі на месцы маніфэстацыяў. Ён папрасіў рэпартэрку ўказаць на нападніка.

За дзень да гэтага напалі на прадусара Анатоля Егізар’яна. Ён атрымаў удар у жывот, упаў на зямлю, а паліцыянты працягвалі біць яго, пакуль ён здымаў на свой тэлефон дзеяньні прыкладна 50 супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія расчышчалі дарогу ад машын. Аўтамабілі былі пастаўленыя пратэстоўцамі, каб заблякаваць плошчу ў паўднёвай частцы Ерэвану. Егазар’ян распавёў, што падвергся нападу, нягледзячы на тое, што прад’явіў паліцыянтам сваю журналісцкую акрэдытацыю.

У той жа дзень карэспандэнт Арус Хакаб’ян быў траўмаваны чалавекам у цывільным. Гэта адбылося, калі рэпартэр трансьляваў пратэставыя акцыі на аўтамагістралі прыкладна за 30 кілямэтраў на поўдзень ад Ерэвану. Інцыдэнт быў зьняты на відэа. Прысутныя на месцы паліцэйскія нічога не зрабілі, каб перашкодзіць нападніку, нягледзячы на неаднаразовыя воклічы Хакаб’яна. Офіс генэральнага пракурора Армэніі заявіў, што загадаў правесьці расьсьледаваньне.

Амбасада ЗША ў Армэніі выказала заклапочанасьць «у сувязі з паведамленьнямі пра гвалт супраць журналістаў і дэманстрантаў» 22 красавіка і заклікала прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Жывыя трансьляцыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода з Армэніі былі паказаны выданьнямі The Washington Post, The New York Times, тэлеканалам CNN, кампаніямі BBC, Euronews, Yahoo News і France 24.

Канал Армянскай службы ў Youtube зьяўляецца адным зь пяці самых папулярных каналаў у Армэніі — у яго каля 130 тысяч падпісчыкаў, а агульная колькасьць праглядаў — каля 164 мільёнаў (паводле дадзеных Socialbakers).

Мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — некамэрцыйная арганізацыя, якая фундуецца за кошт грантаў Кангрэсу ЗША. Радыё Свабода бачыць сваю задачу ў прасоўваньні дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў шляхам звароту да аўдыторыі тых краін, у якіх свабода прэсы абмежаваная ўладамі або пакуль што ня стала нормай грамадзкага жыцьця.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG