Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрж Танк’ян у відэапасланьні падтрымаў ерэванскіх пратэстоўцаў


Сэрж Танк’ян
Сэрж Танк’ян

Вядомы амэрыканскі рок-музыка армянскага паходжаньня, саліст сусьветна вядомага рок-гурту System Of A Down Сэрж Танк’ян распаўсюдзіў відэазварот, у якім са шкадаваньнем адзначае, што з пэўных прычынаў ня можа прыехаць у Армэнію, каб далучыцца да мітынгаў супраць прызначэньня былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі.

Напярэдадні армянскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што Танк’ян нібыта мае намер прыехаць 21 красавіка ў Ерэван, каб далучыцца да мітынгоўцаў.

У апісаньні да відэа музыка адзначыў, што пытаньне аб яго прысутнасьці ў Армэніі, падобна, выклікае вялікі рэзананс. Ён папрасіў прабачэньня і напісаў, што моладзь на вуліцах Армэніі — адзіная, каму ён давярае будучыню краіны.

«Я б вельмі хацеў далучыцца да вас у Ерэване і іншых гарадах, паколькі сэрцам і душой я цалкам з вамі. Да гэтага часу я гэтага ня мог зрабіць зь некаторых прычынаў, але спадзяюся, што змагу зрабіць гэта ў бліжэйшым часе. Хачу павіншаваць Вас з самай пасьпяховай у гісторыі Армэніі кампаніяй грамадзянскага непадпарадкаваньня», — адзначыў Танк’ян ў сваім відэазвароце.

«Гэты рух сапраўдны, і ён цалкам належыць вам і мусіць заставацца такім — у баку ад сумнеўных сілаў, што маюць свае мэты. Вы павінны ведаць, што ў дыяспары ўсе вас падтрымліваюць, нават тыя, хто, належачы да розных арганізацыяў, зь некаторых прычынаў выступаюць супраць вашых намаганьняў, але ў глыбіні душы яны таксама вас падтрымліваюць. Мы ўражаныя вашай дабрадзейнасьцю, міралюбнасьцю і талерантнасьцю», — заявіў Танк’ян.

«Гэта нешта асаблівае для Армэніі, гэта новая культурная рэвалюцыя, і гэта сёньня сапраўдная рэвалюцыя ў Армэніі. Вы зьмянілі вашу культуру, і дзякуючы гэтаму ўжо перамаглі», — сказаў сусветна вядомы музыкант.

Раней Сэрж Танк’ян адрэагаваў на пратэсты ў Армэніі, разьмясьціўшы на сваёй старонцы ў Facebook спасылку на жывую трансьляцыю мітынгу ў Ерэване, якую вяла Армянская служба Радыё Свабода, суправадзіўшы яе такім запісам: «У Армэніі цяпер адбываецца нешта неверагоднае, нарэшце. Грамадзянскае непадпарадкаваньне расьце і прымае форму рабочых і студэнцкіх страйкаў супраць несправядлівай, карумпаванай кіруючай эліты. Гэты тыдзень — першы тыдзень новай Армэніі, што б ні адбылося, бо апатыя зьнікае».

Падчас аднаго зь мітынгаў на плошчы Рэспублікі ў Ерэване лідэр пратэстоўцаў Нікол Пашыньян зачытаў гэты запіс Сэржа Танк’яна ў Facebook і заклікаў яго прыехаць у Армэнію і далучыцца да барацьбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG