Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падумалі, што п’яны». У Калінкавічах міліцыянты затрымалі інваліда, якому стала блага ад высокага ціску


Васіль Сіліверст
Васіль Сіліверст

Калінкавіцкія міліцыянты абазвалі інваліда 2 групы «п’яным», калі таму стала блага, і спрабавалі адвесьці ў пастарунак. У аддзяленьні міліцыі не палічылі патрэбным прасіць прабачэньня за дзеяньні сваіх супрацоўнікаў.

Чарнобыльскага ліквідатара, інваліда 2 групы Васіля Сіліверста затрымалі позна ўвечары 19 красавіка на калінкавіцкім чыгуначным вакзале. Ён прыехаў на вакзал дызелем зь Ельску, дзе наведваў маці. Вёз з сабою у поліэтыленавым пакеце бульбу. Калі выходзіў з вагона, пакет лопнуў і бульба пакацілася па пэроне.

«Што рабіць — нагнуўся, зьбіраю. Некаторыя пасажыры дапамагаюць, — расказаў Сіліверст. — І тут на мяне наляцелі міліцыянты: „Ага, п’яны!“ За мяне — і ў аддзяленьне міліцыі».

Васіль дадаў, што яму і без таго было блага. Панагінаўся — ціск падняўся, а тут яшчэ міліцыянты. У выніку давялося выклікаць «хуткую», каб суняць ціск і тахікардыю.

«„Хуткая“ мяне й выручыла. Іначай давялося б у гэтым лінейным пастарунку даказваць, што ня слон», — кажа інвалід.

Інвалід абураецца, што калінкавіцкія міліцыянты былі «заточаныя ня столькі на дапамогу, колькі на тое, каб чалавека затрымаць, пасадзіць, аштрафаваць». Ды і бульбы шкада: матчына, ня ўсю сабраў на пэроне.

Як высьветлілася, Сіліверста затрымлівалі старшына Сяргей Львоў і малодшы сяржант Кірыл Старавойт.

Свабода зьвярнулася па камэнтар да здарэньня ў Калінкавіцкі РУУС. Да начальнікаў дазваніцца не ўдалося, а памочнік дзяжурнага старшы прапаршчык Мікалай Прохараў сказаў, што яму нічога невядома пра такі выпадак.

«Выбачацца перад гэтым чалавекам яшчэ рана. Калі ён лічыць, што супрацоўнікамі міліцыі былі парушаныя ягоныя правы, можа зьвярнуцца са скаргай у назіральныя органы — СК ці пракуратуру. Па выніках праверкі яму будзе дадзены адпаведны адказ і, калі трэба, будуць прынесеныя прабачэньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG