Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачанага ў катаваньнях супрацоўніка ФСБ узнагародзілі за «прафэсійныя якасьці і настойлівасьць»

Заканадаўчы сход Санкт-Пецярбурга вынес афіцыйную падзяку старэйшаму опэрупаўнаважанаму ФСБ капітану Канстанціну Бондараву, якога арыштаваны актывіст Віктар Філінкоў абвінаваціў у катаваньнях. Пра гэта паведамляе «Коммерсантъ»

Бондарава адзначылі «за асаблівыя заслугі ў справе забесьпячэньня бясьпекі, законнасьці і правапарадку» і «выяўленыя пры гэтым высокія прафэсійныя якасьці, ініцыятыву і настойлівасьць». Як растлумачыў выданьню кіраўнік парлямэнцкай камісіі па правапарадку Аляксандр Кушчак, супрацоўніка ФСБ узнагародзілі «за ўзорнае выкананьне службовага заданьня». Пра якое менавіта заданьне ідзе гаворка, ён не ўдакладніў.

Віктар Філінкоў быў затрыманы ў Пецярбургу ў студзені. Яго абвінавачваюць па справе групоўкі «Сетка». Па вэрсіі сьледзтва, актывісты стварылі нейкую групу, мэтай якой нібыта была «тэрарыстычная дзейнасьць, прапаганда, а таксама апраўданьне і падтрымка тэрарызму».

Філінкоў раней распавядаў, што пасьля затрыманьня яго білі токам некалькі гадзін, патрабуючы прызнальных паказаньняў. Філінкоў паскардзіўся на катаваньні ў Сьледчы камітэт. У канцы сакавіка ў кіраваньні ФСБ па Санкт-Пецярбургу прызналі, што супраць Філінкова сапраўды выкарыстоўвалі электрашокер, паколькі ён нібыта аказаў супраціў і спрабаваў уцячы. Пазьней ФСБ заявіла, што не знайшла пацьверджаньняў таму, што да затрыманых актывістам ужываліся катаваньні.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG