Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: дзясяткі тысяч чалавек затрыманыя ў Кітаі

Кітайцы на вуліцах Урумчы, сталіцы Сіньцзяну
Кітайцы на вуліцах Урумчы, сталіцы Сіньцзяну

Дзясяткі тысяч чалавек затрыманыя ў заходнім рэгіёне Кітаю Сіньцзян у рамках кампаніі ўціску уйгураў і іншых мусульманскіх меншасьцяў.

Пра гэта паведаміла ў Пэкіне прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Лаура Стоўн, выканаўца абавязкаў намесьніка памочніка дзяржсакратара ў справах Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну.

Паводле яе, масавыя затрыманьні ў так званых цэнтрах палітычнага перавыхаваньня «малююць трывожную карціну». Дыпляматка заклікала кітайскія ўлады ствараць «больш празрыстыя і падсправаздачныя сістэмы».

«Мы занепакоеныя намаганьнямі Кітаю абмежаваць законныя правы уйгураў і іншых мусульман у Сіньцзяне, — сказала яна. — Мы будзем працягваць узьнімаць гэтыя праблемы з кітайскім урадам і заклікаць да легітымнаму працэсу ў дачыненьні да затрыманьня яго грамадзян».

Стоўн сказала, што недахоп інфармацыі, якая паступае зь Сіньцзяну, абцяжарвае атрыманьне дакладнага ліку затрыманых, але іх налічваецца «як найменей дзясяткі тысяч».

Мясцовыя ўлады на працягу апошніх двух гадоў рэзка ўзмацнілі наглядныя захады ў Сіньцзяне ў відавочнай спробе ўсталяваць цэнтралізацыю і зьменшыць колькасьць нападаў, якія, паводле Кітаю, былі ўчыненыя ісламісцкімі сэпаратыстамі.

Праваабаронцы і дысыдэнты кажуць, што кантроль над рэлігіяй, культурай і свабодай перамяшчэньня ў Сіньцзяне зрабіўся мацнейшы, чым калі-небудзь. Паступаюць паведамленьні пра затрыманьні, у тым ліку за тое, што людзі выяжджалі за мяжу або былі прызнаныя занадта рэлігійнымі. Фундаванае ўрадам ЗША Радыё Свабодная Азія заявіла, што ў студзені больш чым 120 000 чалавек утрымліваліся ў перавыхаваўчых установах толькі ў адным паўднёвым горадзе Кашгар.

Адказваючы на просьбу пракамэнтаваць словы Стоўн, прадстаўніца МЗС КНР заявіла, што «ўсе нацыі і народнасьці ў Сіньцзяне жывуць і працуюць у міры і задаволеныя мірным жыцьцём». Прадстаўнік МЗС КНР перасьцярог ЗША ад ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Кітаю.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG