Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане закрылі адзіную дзяржаўную вэтклініку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Душанбэ ліквідавалі адзіную ў сталіцы Таджыкістану дзяржаўную вэтэрынарную клініку. Гэта можа прывесьці да пагаршэньня эпізаатычнай сытуацыі ў горадзе і да распаўсюджваньня хваробаў, якія перадаюцца праз свойскіх жывёл, лічаць лекары, паведамляе «Настоящее время».

Пасьля закрыцьця клінікі лячыць жывёлаў няма каму, плянавых і, галоўнае, бясплатных прышчэпак ад шаленства, чумкі ды іншых хваробаў, якія рэгулярна праводзілі мясцовыя вэтэрынары, больш ня будзе. Гэта, паводле спэцыялістаў, можа прывесьці да сумных наступстваў.

Яшчэ ў пачатку году ў Таджыкістане скасавалі Дзяржаўны вэтэрынарны кантроль у сталіцы. Ягоныя функцыі цяпер павінен выконваць нядаўна ўтвораны Камітэт харчовай бясьпекі. Праўда, новая структура яшчэ не да канца сфармаваная і не выконвае ўскладзеных на яе функцыі.

Цяпер у сталіцы Таджыкістану Душанбэ, а таксама ў горадзе Худжандэ ёсьць ўсяго па адной прыватнай вэтэрынарнай клініцы, а ў іншых раёнах яны і зусім адсутнічаюць.

Адзіная прыватная клініка ў Душанбэ ня можа абслужыць увесь горад. Там усяго некалькі кабінэтаў і два вэтэрынары. Праблему можна вырашыць хутка, стварыўшы новыя прыватныя клінікі, але тыя вэтэрынары, якія засталіся бяз працы, ня могуць гэтага зрабіць. Камітэт харчовай бясьпекі, які замяніў Дзяржвэтнагляд, пакуль знаходзіцца на стадыі фармаваньня і папросту не выдае ліцэнзіі.

Паводле ўладальніка прыватнай вэтклінікі Душанбэ Махмадрасула Балтаева, больш за 1000 супрацоўнікаў вэтэрынарнай службы пазбавіліся сваёй працы і, калі ён зьвярнуўся з прапановай працаўладкаваць іх у сябе, яму не далі ніякага ўцямнага адказу, паведамляе Asia-Plus.

«Маўляў, павінны даць штат, а калі не дадуць, мы вам паведамім, адказалі мне, — кажа Балтаеў. — А цяпер сэзон хваробаў, і ня дай Бог пачнецца эпідэмія сыбірскай язвы, шаленства або іншых інфэкцый — праблем потым не абярэмся. Дзяржава не павінна існаваць без вэтэрынарнай службы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG