Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы не ідуць у ксяндзы. Сытуацыя вакол пінскай сэмінарыі


Будучых каталіцкіх сьвятароў у Беларусі сёньня рыхтуюць у сэмінарыях Горадні і Пінску. Але ў Пінскай сэмінарыі пачалася так званая аптымізацыя, і далейшы лёс установы невядомы. Сярод прычынаў называюць пазыцыю Ватыкану і атэізм беларусаў.

Каталіцкая царква ў Беларусі — найперш рэлігійная супольнасьць. Але гэта цяпер і важная сфэра прысутнасьці беларускае мовы: набажэнствы ў касьцёлах краіны ўжо шмат гадоў пасьлядоўна вядуцца па-беларуску. Каталіцкія герархі не абыходзяць вострых праблемаў грамадзтва: яны неаднаразова выступалі супраць сьмяротнага пакараньня, заклікалі да згоды пасьля сілавых разгонаў антыўрадавых дэманстрацыяў. 25 сакавіка мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ініцыяваў малітвы за Беларусь да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Днямі Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі паведаміла, што Горадзенская духоўная сэмінарыя стала міждыецэзіяльнай. Гэта значыць, што вучыцца ў ёй могуць ахвотныя з усіх рэгіёнаў Беларусі, а ня толькі з Горадзеншчыны, як дагэтуль. У Пінскай жа сэмінарыі пакінулі пакуль першы курс.

Канчатковае рашэньне наконт лёсу сэмінарыі пакуль не прынятае. Але, як даведалася Свабода з крыніцы ў Каталіцкім касьцёле, разглядаецца магчымасьць пакінуць адну сэмінарыю на ўсю Беларусь — у Горадні. Прычына — у малой колькасьці ахвотных і ў кадравай праблеме.

Што адбываецца з каталіцкай сэмінарыяй у Пінску і чаму маладыя беларусы ня хочуць станавіцца сьвятарамі? На гэтыя пытаньні Свабода адказвае рэктар Міждыецэзіяльнай вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску ксёндз Андрэй Рылка.

кс. Андрэй Рылка
кс. Андрэй Рылка

Духоўную сэмінарыю імя Тамаша Аквінскага ў Пінску ў 1925 годзе заснаваў біскуп Зыгмунт Лазінскі. Яна разьмясьцілася ў былым францішканскім кляштары — адным з найстаражытнейшых (к. XIV ст.) у Беларусі.

«У 1939 г., калі пачалася ІІ Усясьветная вайна, дзейнасьць сэмінарыі была спыненая. Сьвятары, якіх яна ўзгадавала, былі або забітыя, або рэпрэсаваныя спачатку нацыстамі, а пасьля камуністамі. У адным толькі Калдычэўскім канцлягеры каля Баранавічаў былі зьнішчаныя гітлераўцамі больш за 100 каталіцкіх сьвятароў. Многія зь іх былі зусім маладымі выпускнікамі Пінскай сэмінарыі», — распавядае айцец Андрэй.

кардынал Казімір Сьвёнтэк
кардынал Казімір Сьвёнтэк

Сярод рэпрэсаваных, але ацалелых, быў адзін з апошніх перадваенных выпускнікоў, у будучыні — першы кардынал у гісторыі сучаснай Беларусі Казімер Сьвёнтэк. Пасьля вяртаньня з ГУЛАГу яму дазволілі працаваць у Пінску. Калі СССР пачаў развальвацца, Сьвёнтэк дамогся вяртаньня будынку сэмінарыі. Першая ў Беларусі сэмінарыя пачала працаваць у Горадні, а ў 2001 годзе і сэмінарыя ў Пінску зноў адчыніла дзверы.

«Адраджэнне сэмінарыі ў Пінску і стварэньне новай у Горадні — гэта перадусім неабходнасьць забясьпечваць парафіяльныя супольнасьці сьвятарамі. Многія юнакі, якія адчуваюць пакліканьне да гэтага служэньня, павінны мець магчымасьць рыхтавацца ў сваёй краіне, у асяродзьдзі сваёй культуры і традыцыі», — тлумачыць рэктар Пінскай сэмінарыі.

Увесь працэс навучаньня і выхаваньня ў сэмінарыі называецца фармацыяй. Ён працягваецца шэсьць гадоў. Выкладчыкі — гэта духоўныя і сьвецкія асобы, якія навучаюць самым розным прадметам: філязофскім, тэалягічным, гуманітарным, розным мовам, праводзяць практыкумы і дасьледаваньні.

«Гэта героі нашага часу»

За ўвесь пэрыяд найноўшай гісторыі Пінскай сэмінарыі празь яе прайшлі каля 150 навучэнцаў, зь якіх 43 яе поўнасьцю закончылі, а 33 сталі пасьля заканчэньня сьвятарамі.

«У гэтым пляне мы нічым не адрозьніваемся ад большасьці сэмінарыяў сьвету, калі прыкладна траціна студэнтаў у выніку даходзіць да сьвятарства», — распавядае Андрэй Рылка.

Але, паводле рэктара, у каталіцкія сэмінарыі Беларусі паступае ўсё ж адносна невялікая колькасьць маладых людзей. Статыстычна гэта адзін студэнт на некалькі дзясяткаў тысяч каталікоў. І гэтаму, перакананы сьвятар, шмат прычынаў.

«У першую чаргу неабходна лічыцца са станам грамадзтва. Гэта характэрны для Эўропы нізкі натуральны прырост і слабасьць інстытуту сям’і. Акрамя таго, пасьля дзесяцігодзьдзяў агрэсіўнай атэізацыі, дэмаралізацыі і забароны веры сёньня мы маем духоўна і маральна вельмі аслабленае пакаленьне бацькоў і дзяцей. А калі на савецкую сэкулярызацыю накладваецца сучасная левалібэральная і постмадэрністычная ідэалёгія, то ўкладаецца ня вельмі аптымістычны вобраз стану таго сучаснага асяродзьдзя, у якім нараджаюцца і выхоўваюцца патэнцыйныя кандыдаты да сьвятарства».

Ксёндз Рылка перакананы, што рашыцца на сьвятарства ў сучасным сьвеце — гэта значыць кінуць выклік модам і пайсьці супраць плыні.

«У моры разбэшчанасьці трэба навучыцца жыць у манаскай цнатлівасьці. Сярод культу спажывецкасьці ісьці за духоўным. Сярод хлусьні і маніпуляцыяў быць сьведкам шчырасьці, праўды, бескарысьлівага служэньня блізкаму. На такое жыцьцё патрэбная вялікая адвага і вялікая сталасьць асобы, якая ўмее бачыць рэальнасьць не такой, якою яе малюе прапаганда, а такой, якая яна ёсьць насамрэч — з усім дабром і злом, бляскамі й ценямі».

Тым ня менш у апошнія тры гады ў Пінскай сэмінарыі прырост колькасьці студэнтаў пераўзышоў 100% у параўнаньні з папярэднімі гадамі. Але сама лічба, паводле сьвятара, яшчэ нічога не гарантуе.

«На сьвятара немагчыма "вывучыцца". Сэмінарыя — гэта ня месца, куды прыходзяць па адукацыю. Гэта ўстанова, дзе юнакі распазнаюць, ці сапраўды адчуванае імі пакліканьне да святарства паходзіць ад Бога, і калі так, то рыхтуюцца да гэтага надзвычай адказнага і далікатнага служэньня. Мы ў сэмінарыю не прымаем выпадковых людзей, а толькі тых, хто ведае, чаго хоча, і добра разумее, куды паступае», — кажа рэктар.

«Больш за палову парафіяў ня мае сьвятара»

Сэмінарыйнае жыцьцё
Сэмінарыйнае жыцьцё

Але што будзе з сэмінарыяй далей, Андрэй Рылка ня ведае. Летась Ватыкан выдаў новую праграму для духоўных сэмінарыяў. Яна стала вынікам вельмі шырокага дасьледаваньня ва ўсіх краінах сьвету, дзе сэмінарыі дзейнічаюць. Фактычна дасьледаваньнямі былі ахопленыя больш за мільярд каталікоў і каля 120 тыс. сэмінарыстаў на розных кантынэнтах. У выніку паўстала новая праграма і новыя рэкамэндацыі Апостальскай Сталіцы што да падрыхтоўкі будучых сьвятароў. Адно з найважнейшых — гэта акцэнт на пачатковую фармацыю сэмінарыстаў.

Цяпер перад беларускімі біскупамі і скліканымі імі камісіямі стаіць заданьне адаптаваць праграму да беларускіх умоваў. Таму на апошнім красавіцкім паседжаньні герархі ўхвалілі пэўныя крокі дзеля аптымізацыі фармацыйнага працэсу ў надыходзячым навучальным годзе. Плянуецца пашырыць Горадзенскую сэмінарыю да міждыецэзіяльнага ўзроўню. Пры Пінскай сэмінарыі плянуецца арганізаваць адмысловы падрыхтоўчы курс для сэмінарыстаў-пачаткоўцаў.

Нягледзячы на працу дзьвюх сэмінарыяў, у Беларусі востра бракуе каталіцкіх святароў. На гэта паўплываў крывавы перасьлед у ХХ ст. Сотні беларускіх сьвятароў былі або фізычна зьнішчаныя, або выгнаныя з краіны.

«У Пінскай дыяцэзіі пасьля ліхалецьцяў вайны і сталінізму колькасьць сьвятароў скарацілася з больш чым сотні да сямёх. На фоне драматычнага ХХ ст. тое, што ў апошнія 25 год вера адрадзілася з такой небывалай моцай і што ўжо маем некалькі соцен сьвятароў у Беларусі, — проста цуд. Але і гэтага цуду недастаткова на патрэбы, якія цяпер маем», — гаворыць Рылка.

Толькі ў адной Пінскай дыяцэзіі, якая ахоплівае тэрыторыю Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей, больш за палову парафіяў ня маюць сьвятара.

«Спадзяюся, што адраджэньне веры на нашай зямлі, руплівая праца бацькоў, парафіяльных супольнасьцяў і душпастыраў для выхаваньня будучага пакаленьня духоўна і маральна здаровых людзей паспрыяе таксама колькаснаму і якаснаму росту тых, хто будзе пераступаць парог нашых духоўных сэмінарыяў, каб адтуль выйсьці сьвятарамі, якіх чакае і якіх патрабуе наш народ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG