Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка экс-прэзыдэнта ЗША моцна захварэла і адмаўляецца лячыцца


Здароўе Барбары Буш рэзка пагоршылася. Былая першая лэдзі знаходзіцца дома разам з роднымі.

Барбара Буш, жонка аднаго амэрыканскага прэзыдэнта і маці іншага, знаходзіцца ў крытычным стане. Нягледзячы на гэта, яна адмовілася ад далейшага лячэньня і вырашыла перайсьці на паліятыўную тэрапію, паведамляе Голас Амэрыкі.

Офіс яе мужа, экс-прэзыдэнта Джорджа Буша-старэйшага, у нядзелю паведаміў, што 92-гадовая былая першая лэдзі прыняла гэтае рашэньне пасьля нядаўняй сэрыі шпіталізацыі і кансультацый зь сям’ёй і лекарамі.

У паведамленьні не гаворыцца, ад якіх хвароб Барбару Буш лячылі апошнім часам, аднак тэлеканал CNN паведаміў, што яна пакутуе на хранічнае абструктыўнае захворваньне лёгкіх і застойную сардэчную недастатковасьць. У мінулым яе шпіталізоўвалі з базедавай хваробай і бранхітам.

«Тых, хто ведае Барбару Буш, ня зьдзівіць тое, што яна з непахіснай стойкасьцю пераносіла пагаршэньне здароўя, турбуючыся — дзякуючы сваёй глыбокай веры — не пра сябе, а пра іншых. Яна акружаная роднымі, якіх любіць, і выказвае ўдзячнасьць за шматлікія добрыя пажаданьні ў свой адрас, асабліва за малітвы», — адзначаецца ў заяве.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Дональда Трампа Сара Хакабі Сандэрс паведаміла ўвечары ў нядзелю, што «прэзыдэнт і першая лэдзі моляцца за ўсю сямʼю Бушаў».

Барбара і Джордж Буш разам з сынам Джорджам.
Барбара і Джордж Буш разам з сынам Джорджам.

Барбара Буш, вядомая шчырасьцю і самакрытычнымі дасьціпнымі выказваньнямі, была першай лэдзі з 1989 па 1993 год, калі яе муж — Джордж Буш-старэйшы — быў 41-м прэзыдэнтам ЗША. Сёньня яму 93 гады і яго здароўе ў апошнія гады таксама пагоршылася.

Барбара Буш — маці Джорджа Буша-малодшага, 43-га прэзыдэнта ЗША, і былога губэрнатара Фларыды Джэба Буша.

Акрамя яе, толькі адна жанчына ў гісторыі ЗША была і першай лэдзі, і маці прэзыдэнта. Эбігэйл Адамс была жонкай другога прэзыдэнта ЗША Джона Адамса і маці шостага прэзыдэнта Джона Куінсі Адамса.

Джордж і Барбара Буш пажаніліся 6 студзеня 1945 году. У іх нарадзіліся шасьцёра дзяцей, і яны знаходзяцца ў шлюбе даўжэй, чым любая іншая прэзыдэнцкая пара ў амэрыканскай гісторыі.

2013 год. Першая лэдзі Мішэль Абама, былая першая лэдзі Лора Буш, былая першая лэдзі Гілары Клінтан, былая першая лэдзі Барбара Буш і былая першая лэдзі Разалін Картэр.
2013 год. Першая лэдзі Мішэль Абама, былая першая лэдзі Лора Буш, былая першая лэдзі Гілары Клінтан, былая першая лэдзі Барбара Буш і былая першая лэдзі Разалін Картэр.

Знаходзячыся на публіцы, Барбара Буш заўсёды актыўна выступала ў абарону свайго мужа і дзяцей. Толькі два гады таму, у 2016 годзе, яна ўдзельнічала ў перадвыбарчай кампаніі свайго сына Джэба, які высунуў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта ЗША.

У якасьці першай лэдзі яна засяродзілася на праблеме пісьменнасьці і стала браць удзел у працы некалькіх арганізацый, якія займаюцца чытаньнем. Яна стварыла Фонд Барбары Буш у падтрымку пісьменнасьці ў сямʼі, прасоўвае разьвіцьцё навыкаў чытаньня па ўсёй Амэрыцы, асабліва ў дзяцей.

Яе сівыя валасы і жамчужныя каралі сталі вядомымі элемэнтамі яе вобразу.

Яе валасы пасівелі ў 1950-х, пасьля таго як яе трохгадовая дачка Паўліна, якую ў сямʼі клікалі Робін, захварэла на лейкэмію і памерла ў кастрычніку 1953 году. Пазьней яна вырашыла, што афарбаваныя валасы ёй не ідуць, а сівізна адпавядае вобразу «усеагульнай бабулі», які склаўся вакол яе ў грамадзтве.

Што тычыцца жамчужных караляў, то яны стала модным трэндам пасьля таго, як Барбара Буш зьявілася ў іх на інаўгурацыі свайго мужа ў 1989 годзе. Каралі стала неадʼемнай часткай яе іміджу, але пазьней яна сказала, што выбрала іх, каб схаваць маршчыны на шыі. Гэта шчырае прызнаньне толькі ўмацавала ўяўленьне аб ёй як аб жанчыне цьвярозага розуму, якая не лунае ў аблоках.

Яна таксама вядомая сваёй запальчывасьцю і вострай мовай.

Барбара Буш старалася не праяўляць свой сарказм на публіцы, але часам ёй не ўдавалася стрымлівацца. Адзін такі выпадак адбыўся ў 1984 годзе, калі яе муж дамагаўся перавыбраньня віцэ-прэзыдэнтам у пары з прэзыдэнтам Рональдам Рэйганам. Іх сапернікі ад Дэмакратычнай партыі, Уолтар Мандэйл і Джеральдзін Фэрара, пачалі казаць, што такія багацеі, як Бушы, наўрад ці могуць суадносіць сябе са звычайнымі амэрыканцамі.

У адказ на гэта абураная Барбара Буш заявіла журналісту, што Фэрара — гэта «чатырохмільённая — не магу сказаць хто, але гэта рыфмуецца са словам «rich» (багатая, намёк на слова «bitch» — сьцерва). Пазьней яна перапрасіла, паведаміўшы, што мела на ўвазе слова «witch» (ведзьма), і Фэрара, якая стала першым кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты ад адной з вядучых палітычных партый, прыняла прабачэньні. Яна памерла ў 2011 годзе.

2012 год. Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Міт Ромні з былым прэзыдэнтам Джорджам Бушам-старэйшым і Барбарай Буш у Хьюстане.
2012 год. Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Міт Ромні з былым прэзыдэнтам Джорджам Бушам-старэйшым і Барбарай Буш у Хьюстане.

Барбару Буш таксама рэзка крытыкавалі за яе выказваньні пасьля ўрагану «Катрына», які разбурыў Новы Арлеан. Пара Бушаў наведала некалькі цэнтраў для пацярпелых, якія былі разгорнутыя ў Тэхасе. Пабываўшы там, былая першая лэдзі сказала, што многія маламаёмасныя людзі, якіх яна ўбачыла, апынуліся ў лепшых умовах, чым тыя, у якіх яны жылі да ўрагану.

Барбара Пірс Буш нарадзілася 8 чэрвеня 1925 году ў горадзе Рай, штат Нью-Ёрк. Яе бацька быў выдаўцом часопісаў McCallʼs і Redbook. Акрамя сваіх мэмуараў, яна зьяўляецца аўтарам кніг «Гісторыя Фрэда» (C. Fredʼs Story) і «Кніга Мілі» (Millieʼs Book), заснаваных на жыцьці сваіх сабак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG