У Чарнагорыі ў нядзелю праходзяць прэзыдэнцкія выбары. За пасаду кіраўніка дзяржавы змагаюцца сем кандыдатаў. Фаварытам лічыцца лідэр кіруючай Дэмакратычнай партыі сацыялістаў і шматгадовы лідэр краіны Міла Джуканавіч. Яго асноўны канкурэнт — Младэн Баяніч, якога падтрымалі некалькі вядомых апазыцыйных партый. Асноўная інтрыга заключаецца ў тым, ці будзе другі тур.
Галасаваньне праводзіцца з 7.00 да 20.00 гадзін па мясцовым часе. У краіне зарэгістравана 532.599 выбарнікаў. Паводле ацэнак назіральнікаў, да 12 гадзін яўка склала 27,2%. Пра якія-небудзь сур’ёзных парушэньні ці інцыдэнты не паведамляецца.
Закон аб выбарах прадугледжвае, што кіраўніком дзяржавы становіцца кандыдат, які атрымаў у першым туры больш за палову галасоў выбарнікаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні. Калі ніводны з прэтэндэнтаў ня мае неабходнай падтрымкі, праз два тыдні праводзіцца другі тур з удзелам дваіх кандыдатаў, якія набралі найбольшую колькасьць галасоў.
Упершыню на прэзыдэнцкі пост у Чарнагорыі прэтэндуе жанчына — Драгіна Вуксанавіч, якую вылучыла апазыцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя.
Парлямэнцкія выбары ў Чарнагорыі ў 2016 годзе прайшлі на фоне заяў уладаў аб спробе дзяржаўнага перавароту. Дваццаць чалавек былі арыштаваныя ў дзень галасаваньня 16 кастрычніка па падазрэньні ў падрыхтоўцы нападаў на дзяржаўныя ўстановы і змове з мэтай забойства былога прэм’ера Джуканавіча, які цяпер балятуецца на пасаду прэзыдэнта.
Спроба перавароту была зьвязана з намерам не дапусьціць ўступленьня Чарнагорыі ў NATO. Тым ня менш ад чэрвеня 2017 году краіна далучылася да альянсу. У Чарнагорыі працягваецца судовы працэс па справе аб замаху, зь якім, як заяўляе чарнагорская пракуратура, былі зьвязаны расейскія структуры