Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Румыніі даў згоду на крымінальны перасьлед свайго папярэдніка


Клаўс Ёханіс.

Прэзыдэнт Румыніі Клаўс Ёханіс даў згоду на крымінальны перасьлед былога прэзыдэнта Румыніі Ёна Іліеску і прэм’ер-міністра Пэтрэ Романа, а таксама былога віцэ-прэм’ера Джелу Войкана-Вайкулеску.

Усе трое былі кіраўнікамі Фронту нацыянальнага выратаваньня, які прыйшоў да ўлады пасьля зьвяржэньня дыктатуры 22 сьнежня 1989 году. Ахвярамі кровапралітных сутыкненьняў у тыя дні сталі больш за 1100 чалавек, большасьць былі забітыя пасьля 22 сьнежня.

За 29 гадоў, якія прайшлі пасьля падзеньня рэжыму Мікалае Чаўшэску, толькі два генэралы былі асуджаныя за гібель людзей. Чаўшэску і яго жонка Алена былі расстраляныя паводле рашэньня спэцыяльна створанага трыбуналу ў дзень Раства 25 сьнежня 1989 году.

Ёханіс падпісаў рашэньне пра крымінальны перасьлед траіх былых лідэраў Фронту нацыянальнага выратаваньня ў адказ на запыт генэральнага пракурора Румыніі ад 2 красавіка. Згода прэзыдэнта патрабавалася ў сувязі з тым, што ўсе трое ў часы зьмены палітычнага ладу былі высокапастаўленымі ўдзельнікамі дзяржаўнага кіраваньня.

Вайсковая юстыцыя, якая аднавіла разгляд справы ў 2016 годзе, заявіла, што «новае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва», якое ўзяло на сябе кіраваньне краінай пасьля ўцёкаў Чаўшэску, адказвае за сьмерць многіх людзей, паколькі дамагалася ўтрыманьня ўлады ў сваіх руках.

Пракуроры заяўляюць, што дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё перадавалі ілжывую інфармацыю, распаўсюджваючы масавую паніку. Пракуроры лічаць, што некаторыя сьведчаньні, якія адносяцца да паўстаньня, былі зьнішчаны.

Усе трое падазраваныя адпрэчваюць любую адказнасьць за сьмерць людзей. У наступныя пасьля зьвяржэньня Чаўшэску гады новы лідэр Ён Іліеску, у мінулым выгнаны дыктатарам з шэрагаў партыйнага кіраўніцтва, тройчы абіраўся прэзыдэнтам Румыніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG