Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае паліва будуць пастаўляць ва Ўкраіну па Дняпры


Мазырскі нафтапераробны завод, ілюстрацыйнае фота

У траўні па Дняпроўскім водным шляху ў Кіеў упершыню будзе пастаўлена 1,5 тысячы дызельнага паліва Мазырскага нафтапераробнага завода двума нафтаналіўнымі судамі.

Пастаўкі плянуецца ажыцьцяўляць на сталай аснове, паведамляе ўкраінскі Цэнтар транспартных стратэгій.

Спачатку пастаўкі плянуюцца ажыцьцяўляць двойчы на месяц з пэрспэктывай выхаду на больш рэгулярныя рэйсы.

Публічнае акцыянэрнае таварыства «Кіеўпорт» разьлічвае, што з адкрыцьцём воднага шляху па Дняпры прадпрыемства зможа разьвіваць кантэйнерныя перавозкі ня толькі нафтапрадуктаў, але і ўгнаеньняў зь Беларусі.

Раней стала вядома, што ўкраінская кампанія «Укртатнафта», якая належыць украінскаму бізнэсоўцу Ігару Каламойскаму, патрабуе ад Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны абмежаваць з 1 траўня прысутнасьць беларускіх нафтапрадуктаў.

Свае патрабаваньні «Укртатнафта» тлумачыць тым, што Мазырскі НПЗ на 42 адсоткі апасродкавана належыць расейскім кампаніям «Газпромнафта» і «Раснафта», якія ва Ўкраіне ўключаныя ў санкцыйны сьпіс і да якіх прымяняюцца абмежаваньні на камэрцыйныя і партнэрскія дачыненьні.

Летась Беларусь і Ўкраіна падпісалі дарожную мапу па аднаўленьні воднага шляху Е-40 для ажыцьцяўленьня транзытных перавозак грузаў водным транспартам па тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку, з выкарыстаньнем судоў клясы «рака-мора».

Да рэалізацыі праекта плянуецца залучыць міжнародныя фінансавыя арганізацыі і донараў. Згодна з дакумэнтам, для поўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора» плянуюць паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары (Брагінскі раён Гомельскай вобласьці).

Ініцыятыва аб аднаўленьні воднага шляху была агучана летась у ліпені прэзыдэнтамі Ўкраіны і Беларусі Пятром Парашэнкам і Аляксандрам Лукашэнкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG