Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 11 інтэрнэт-рэсурсаў, 9 зь іх — за рэкляму мікрапазык


Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 11 інтэрнэт-рэсурсаў. 9 з 11 сайтаў рэклямуюць мікрапазыкі, паведамляе БелаПАН.

На падставе пісьмовых апавяшчэньняў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі абмежаваны доступ да 9 інтэрнэт-рэсурсаў (alfazaem.com, dengido.com, zaim.dengi-vdolg.info, get24h.ru, srochno-dengi-v-dolg.net, dengi-v -dolg-zaim-minsk.com, zaimsegodnya.by, dam-zaim.su, dengi-v-ryki-minsk.com) за разьмяшчэньне рэклямы арганізацый, якія прапануюць мікрапазыкі насельніцтву, але якія ня ўключаныя ў рэестар мікрафінансавых арганізацый, што вядзе Нацбанк Беларусі.

Таксама за распаўсюд інфармацыі аб рэалізацыі наркатычных сродкаў абмежаваны доступ да аднаго інтэрнэт-рэсурсу і за разьмяшчэньне недакладнай рэклямы абмежаваны доступ да сайту automalinovka.info, паведамілі ў міністэрстве.

***

Паводле дадзеных Нацбанку, на 1 сакавіка беларусы павялічылі свае даўгі перад банкамі да 9,3 мільярда рублёў. У 2017 годзе аб’ём спажывецкага крэдытаваньня ў Беларусі вырас на 75%. Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, які крэдытуе Беларусь, рэкамэндаваў беларускім уладам зрабіць захады дзеля абмежаваньня тэмпаў росту спажывецкага крэдытаваньня.

28 сакавіка Нацбанк заявіў, што з 1 траўня будуць зьмененыя правілы выдачы крэдытаў насельніцтву: у Беларусі ўвядуць каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Банк будзе аналізаваць даходы і выдаткі фізычнай асобы, якая зьвярнулася па крэдыт.

«І выдаткі па крэдытах, мікрапазыках, лізінгу не павінны перавышаць 40% ад абвешчанага фізычнай асобай даходу», — заяўляюць у Нацбанку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG