Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 6 гадоў турмы. За гнілую каўбасу засудзілі 10 кіраўнікоў Гомельскага мясакамбінату


Абвяшчэньне выраку

У Гомелі засудзілі 10 кіраўнікоў і спэцыялістаў мясакамбінату — за выраб каўбас і кансэрваў з гнілога мяса. Шкода Гомельскаму мясакамбінату толькі ад дзеяньняў былога дырэктара Рычарда Стэфановіча была ацэненая ў 73,5 тысячы рублёў.

У Гомельскім абласным судзе 25 красавіка судзьдзя Мікалай Доля агучыў вырак дзесяці кіраўнікам і спэцыялістам ААТ «Гомельскі мясакамбінат». Вырак вынесены таксама былому намесьніку міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Васілю Півавару, а таксама рэгіянальным і менскім вэтэрынарам.

Яны прызнаныя вінаватымі ў псаваньні на камбінаце 178 тон мяса, зь якога выраблялі кансэрвы і каўбасы.

Падсудныя са сваякамі
Падсудныя са сваякамі

Адны злоўжывалі, другія бязьдзейнічалі

Судовае сьледзтва пацьвердзіла віну кіраўнікоў і спэцыялістаў у злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, бязьдзеяньні, а таксама ў дзеяньнях супраць інтарэсаў службы з карысьлівых памкненьняў.

Генэральны дырэктар мясакамбінату Рычард Стэфановіч пакараны 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму з выплатай кампэнсацыі нанесенай прадпрыемству шкоды ў памеры 24,5 тысячы рублёў. Яго ўзялі пад варту ў залі суда.

Рычард Стэфановіч у судзе. З архіву
Рычард Стэфановіч у судзе. З архіву

У апошнім слове перад прысудам Стэфановіч прасіў даць яму пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Ён чарнобыльскі ліквідатар, інвалід 3-й групы. Паведаміў таксама, што амаль трыццаць гадоў працаваў на кіроўных пасадах. На мясакамбінаце імкнуўся «максымальна атрымліваць прыбытак з усіх вытворчых працэсаў, гандлёвых апэрацый, забясьпечыць усім работнікам — а іх разам з гандлем 1,5 тысячы — годны заробак».

Намесьнік генэральнага дырэктара па вытворчасьці Аляксандр Бандарэнка і галоўны вэтэрынарны лекар прадпрыемства Ігар Сямёнаў атрымалі аднолькавае пакараньне — па 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму з выплатай кампэнсацыі нанесенай прадпрыемству шкоды ў памеры 18,3 тысячы рублёў кожнаму.

Начальнік халадзільніка Ігар Мельнікаў за прызнаньне віны і супрацоўніцтва са сьледзтвам атрымаў мякчэйшы прысуд — 3 гады калёніі з выплатай кампэнсацыі ў памеры 12,2 тысячы рублёў.

Ала Лазоўская — у цэнтры
Ала Лазоўская — у цэнтры

Кіраўніку гарадзкой вэтстанцыі Віктару Валчанкову прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі, начальніцы ўпраўленьня вэтэрынарыі камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Гомельскага аблвыканкаму Але Лазоўскай — 1,5 года.

Міністэрскае «карэктаваньне»

Сталічнага правяральніка Гомельскага мясакамбінату Аляксандара Букіна з дэпартамэнту вэтэрынарнага кантролю, які не адлюстраваў рэальны стан захаваньня і перапрацоўкі мяса на прадпрыемстве, пазбавілі волі на 2 гады, а былога намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі, галоўнага вэтэрынарнага лекара краіны Васіля Півавара асудзілі на 2 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Васіль Півавар. Архіўнае фота
Васіль Півавар. Архіўнае фота

Ён на просьбу гендырэктара Стэфановіча, зь якім меў сяброўскія стасункі, праз дырэктара вэтэрынарнага дэпартамэнту паспрыяў «карэктаваньню» высноваў менскай камісіі.

Двухгадовым тэрмінам пазбаўленьня волі пакараныя і астатнія фігуранты «мясной справы». Вэтэрынарны ўрач камбінату Арсень Скварчэўскі асуджаны на два гады калёніі-пасяленьня. Вырак яшчэ не набыў моцы — яго можна абскардзіць альбо апратэставаць.

Таксама ўсіх іх пазбавілі права займаць адказныя пасады цягам 5 гадоў. Пакараныя работнікі камбінату павінны кампэнсаваць нанесеную шкоду ў памеры 681 тысяч рублёў.

Ім залічаны тэрмін знаходжаньня пад вартай падчас сьледзтва — дзень за дзень.

Паставілі пад пагрозу здароўе і жыцьцё людзей

Паводле сьледзтва і высноваў суду, згаданыя кіраўнікі прадпрыемства ў 2015 годзе змарнавалі 178 тон ялавічыны і сьвініны на 7,2 мільярда недэнамінаваных рублёў. Жывёлу на мясакамбінаце забівалі зь перавыкананьнем заданьняў. Лядоўні завалілі сьвінымі і каровінымі паўтушамі. Звальвалі тыя паўтушы нават у тэхналягічных калідорах халадзільнага цэху. Тэмпэратурны рэжым ня ўсюды вытрымліваўся, шэраг лядоўняў мелі патрэбу ў рамонце і дэзынфэкцыі. Мяса ў іх пачарнела, пакрылася «пушком», пачало тхнуць гнілізнай. Шмат якія паўтушы пагрызьлі мышы, пакідаючы пасьля сябе сьляды зубоў і экскрэмэнты.

ААТ «Гомельскі мясакамбінат»
ААТ «Гомельскі мясакамбінат»

Каб схаваць безгаспадарчасьць, на камбінаце арганізавалі перапрацоўку гнілога мяса ў каўбасным цэху, а таксама падзяліліся ім з Аршанскім камбінатам. А той вырабіў зь яго звыш 3 тысяч штук мясных кансэрваў пад назвай «Ялавічына тушаная дамашняя». Няякасную прадукцыю накіроўвалі таксама ў гандлёвую сетку Гомля і нават у камбінат школьнага грамадзкага харчаваньня.

Як зазначылі падчас судовых спрэчак супрацоўнікі абласной пракуратуры, якія падтрымлівалі дзяржаўнае абвінавачваньне, кіраўнікі і вэтэрынары ўтойвалі рэальную сытуацыю на мясакамбінаце, каб паказаць сябе гаспадарлівымі людзьмі, годнымі спэцыялістамі, якія ведаюць сваю справу. Бо за гэтым стаялі надбаўкі, прэміі. Зацікаўленьне мелі і прадстаўнікі Мінсельгасхарчу — ім трэба было паказаць, што Гомельскі мясакамбінат уваходзіць у лік надзейных экспартэраў мясной прадукцыі за мяжу. Пры гэтым ніхто зь фігурантаў «мясной справы» асабліва не думаў пра тое, што сваімі дзеяньнямі яны ставяць пад пагрозу здароўе і нават жыцьцё людзей, якія спажываюць мясную прадукцыю.

Судзяць групамі

Цяперашні гучны судовы працэс над дзясяткам кіраўнікоў і спэцыялістаў Гомельскага мясакамбінату ня першы ў найноўшай гісторыі. У чэрвені 2012 году калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду абвясьціла прысуд 25 кіраўнікам, спэцыялістам і шараговым работнікам мясцовага мясакамбінату, а таксама 3 міліцыянтам, якія мелі дачыненьне да буйных крадзяжоў на прадпрыемстве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG