Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка ў дачыненьні Расеі будзе жорсткай, — кандыдат на пасаду дзяржсакратара ЗША


Майк Пампэо

Гады мяккай палітыкі ЗША ў дачыненьні да Расеі прайшлі, лічыць кандыдат на пасаду кіраўніка амэрыканскага Дзярждэпартамэнту, былы дырэктар ЦРУ Майк Пампэо. Пра гэта ён заявіць сёньня на слуханьнях у камітэце па замежных справах Сэнату ЗША, дзе будзе зацьвярджацца ягоная кандыдатура.

Пра гэта паведамляюць СМІ са спасылкай на тэкст прамовы Пампэо.

Расея «працягвае агрэсіўныя дзеяньні», і адміністрацыя Трампа разглядае яе як пагрозу ЗША. «Сьпіс дзеяньняў адміністрацыі, накіраваных на тое, каб падняць для Ўладзіміра Пуціна цану (ягоных дзеяньняў), доўгі», — гаворыцца ў тэксьце выступленьня Пампэо. Пры гэтым ён перакананы, што неабходна пакінуць магчымасьці дыялёгу з Масквой і працягваць, як і пры «ранейшых канфрантацыях» дыпляматычныя стасункі з Расеяй, якія былы кіраўнік ЦРУ называе складанымі.

Кандыдат на пасаду дзяржсакратара ЗША сярод іншага зьбіраецца паказаць, што Вашынгтон мае намер дасягаць сваіх замежнапалітычных мэтаў з дапамогай нястомнай дыпляматыі. «Вайна — гэта апошні сродак», — падкрэсьліў Пампэо, якога лічаць адным зь «ястрабаў» амэрыканскай палітыкі.

Паведамляецца, што ў сваёй прамове Пампэо закране пытаньні адносін з Іранам і з Паўночнай Карэяй.

13 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адправіў у адстаўку дзяржсакратара Рэкса Тылерсана. Гэтае рашэньне Трамп патлумачыў розьніцай у палітычных поглядах.

Для таго, каб атрымаць ухваленьне камітэту Сэнату ЗША, у якім 10 месцаў займаюць дэмакраты, а 11 — рэспубліканцы, Пампэо трэба будзе заручыцца падтрымкай абедзьвюх партый. Сэнатары-дэмакраты заяўляюць, што Пампэо можа сутыкнуцца зь цяжкасьцямі ў працэсе зацьвярджэньня яго кандыдатуры, бо яны занепакоеныя яго сумеснай работай з новым памочнікам Трампа ў нацыянальнай бясьпецы Джонам Болтанам, які можа прапанаваць прэзыдэнту шэраг ваенных дзеяньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG