Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сеціве нярэдка можна ўбачыць інтэр’еры дарагіх менскіх кватэр і дамоў. Іх дызайн часьцей за ўсё — выдатны. Лофт, боха, вінтаж, праванс, эклектыка, этніка, мінімалізм, мадэрнізм, хай-тэк, але найперш — клясыка!

Кідаецца ў вочы, што і заказчыкі, і выканаўцы з павагай ставяцца да рэтраспэктыўных мастацкіх стыляў. Дызайнэры гэтымі стылямі цудоўна валодаюць, разумеюць іх і камбінуюць. Барока, клясыцызм, рэнэсанс і іх сучасныя стылізацыі выкарыстоўваюцца вельмі вытанчана і з густам.

Трагічны парадокс беларускага густу

Пашукайце ў інтэрнэце і лёгка знойдзеце здымкі багатых дамоў з калёнамі, пілястрамі, філёнгамі, молдынгамі ў інтэр’еры, застаўленыя ложкамі, тумбамі, сэкрэтэрамі і сталамі з выгнутымі ножкамі, зь лямпамі і вазамі антычных формаў, зь цяжкім парт’ерамі на вокнах і т. д.

Заля ў адным з дарагіх менскіх катэджаў.
Заля ў адным з дарагіх менскіх катэджаў.

​Як бы ўсё ёсьць для гэтага — веды, разуменьне, адчуваньне стылю, густ, прапанова сваіх і замежных вытворцаў, нарэшце, грошы.

Вось якраз з апошнім — з грашыма — і зьвязаны мае думкі пра трагічны парадокс беларускага густу.

ўладальнікамі шыкоўных кватэр і дамоў, абстаўленых багатай мэбляй у стылі клясыцызму і барока, могуць быць тыя самыя «рэальныя пацаны», якія зьнішчаюць апошнія сьляды клясыцызму і барока ў старым цэнтры Менску

За апошнія 20 гадоў у старым Менску адбыліся непапраўныя мэтамарфозы. Дзяржава адмовілася ад праграмы рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру, адмовілася ад стандартаў рэстаўрацыі, адмяніўшы ліцэнзіі на такую дзейнасьць, зьнішчыла рэстаўрацыйныя структуры, зносіць апошнія рэшткі гістарычнай забудовы і стварае дзікія антыгістарычныя муляжы накшталт Зыбіцкай.

І вось мне раптам падумалася, што ўладальнікамі шыкоўных кватэр і дамоў, абстаўленых багатай мэбляй у стылі клясыцызму і барока, могуць быць тыя самыя «рэальныя пацаны», якія зьнішчаюць апошнія сьляды клясыцызму і барока ў старым цэнтры Менску.

Хмарачос на Замчышчы, дом Чыжа ў Траецкім прадмесьці, ператварэньне Верхняга гораду ў рваны, эклектычны і стракаты кавалак расейскага губэрнскага гораду ХІХ стагодзьдзя — гэта ўсё іх рук справа.

І пры гэтым сваё жытло, зарабіўшы на агульнанацыянальнай эстэтычнай катастрофе, яны афармляюць цалкам стыльна і з густам.

Ці выйдзе клясыка з кватэраў і што яна ўбачыць навокал

Ня выключана, што цяперашняя туга па стылю і клясыцы ў інтэр’ерах падсьвядома зьвязана зь іх адсутнасьцю ў менскім навакольлі.

Культура назапашваецца пакаленьнямі. Магчыма, наступныя генэрацыі сем’яў гэтых злодзеяў-бізнэсмэнаў адчуюць патрэбу мець стыль у гістарычнай рэтраспэкцыі і па-за мурамі сваіх дамоў. І што ж яны ўбачаць?

А за акном будзе той самы рваны, эклектычны і стракаты кавалак расейскага губэрнскага гораду ХІХ стагодзьдзя ў цэнтры Менску.

Ня выключана, што цяперашняя туга па стылю і клясыцы ў інтэр’ерах падсьвядома зьвязана зь іх адсутнасьцю ў менскім навакольлі

У выніку дзеці і ўнукі забудоўшчыкаў Зыбіцкай могуць ніколі так і не даведацца, што пачынаючы з XVI стагодзьдзя Менск будавалі тыя самыя архітэктары, што і Вільню — Менск заўсёды і быў маленькай Вільняй.

Сёньня пра гэта, на жаль, нагадваюць толькі храмы. Уся шараговая забудова ва ўжо псэўдагістарычным цэнтры аформлена ў стылістыцы расейскага губэрнскага (або нават ўезднага) гораду — ніякай камэрнасьці прасторы, ніякіх муроў паміж дамамі для захаваньня трасы вуліцы, ніякага бруку, чарапіцы і т. д. Затое — валадарства бляхі на дахах, асабліва зялёнай, і безьліч ідыёцкіх антыгістарычных каваных элемэнтаў, пазычаных невядома адкуль.

Вуліца Кірылы і Мятода (былая Вялікая Бэрнардынская) у Менску. 2014 год.
Вуліца Кірылы і Мятода (былая Вялікая Бэрнардынская) у Менску. 2014 год.

Убачыўшы такое, культурнаму чалавеку захочацца са сваёй стылёвай кватэры або дому паехаць туды, дзе і навакольле аформлена з густам і стылем. І пацягнуцца нашчадкі «рэальных пацаноў» у старую добрую Эўропу, шукаючы для сваіх тонкіх душаў стылёвага асяродзьдзя.

Вось так муляжы на Зыбіцкай, хмарачос на Замчышчы, паркінг на Нямізе, дом Чыжа ў Траецкім прадмесьці адбіраюць ў краіны будучыню.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG