Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка даручыў Савету бясьпекі стварыць адзіны рэгістар рангаў чыноўнікаў


Ілюстрацыйнае фота. Беларускія чыноўнікі на «Менскай лыжні»
Ілюстрацыйнае фота. Беларускія чыноўнікі на «Менскай лыжні»

Савет бясьпекі Беларусі прыняў 4 красавіка пастанову «Аб забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Яе тэкст апублікаваны на афіцыйным партале pravo.by.

Згодна з пастановай Савет міністраў сумесна з прэзыдэнцкай адміністрацыяй павінен падрыхтаваць прапановы аб стварэньні «адзінага рэгістра дзяржаўных пасад (рангаў), які будзе замацоўваць, у тым ліку, асаблівасьці статусу, паўнамоцтваў, матэрыяльнага і сацыяльнага забесьпячэньня асобаў, якія займаюць адпаведныя дзяржаўныя пасады».

Гэтыя прапановы павінны паступіць Аляксандру Лукашэнку да 1 ліпеня 2018 году.

У афіцыйных структурах пакуль не камэнтуюць, што гэта будзе за дакумэнт і чым ён выкліканы.

«Гэта прамое даручэньне прэзыдэнта па выніках нарады, над гэтым будуць працаваць», — сказалі «Нашай Ніве» у Савеце бясьпекі.

«Гэта проста іншая назва таго, што ўжо ёсьць»

Экспэрты, да якіх зьвярнуўся карэспандэнт Свабоды, кажуць, што трэба пачакаць, калі зьявіцца гэты «адзіны рэгістар», каб мець уяўленьне пра ягоны зьмест.

Аднак у яго неабходнасьці сумняваецца былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў. Паводле яго, ужо існуюць дакумэнты, якія тычацца дзяржаўных пасадаў.

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў

«Гэта проста іншая назва таго, што ўжо ёсьць. Яны проста робяць выгляд працы. Магчыма, яны вырашылі ўсё гэта сабраць у адзіны дакумэнт, зрабіць нейкі кодэкс. Напрыклад, матэрыяльнае забесьпячэньне ёсьць у закрытых дакумэнтах, прынятых прэзыдэнтам. Таму трэба падымаць эканоміку, а не рабіць выгляд дзейнасьці. Дэкрэт № 1 — гэта таксама праца чынавенства, каб адцягнуць увагу людзей, каб людзі думалі, што чыноўнікі працуюць», — сказаў Сасноў Свабодзе.

«У нармальнай краіне кожны клясны чын — толькі праз экзамэн»

Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў лічыць, што ўсталяваньне рангаў чыноўнікаў — гэта «звычайная міжнародная практыка», калі ёсьць дакумэнт, якія прапісвае зьверху данізу пасады і тое, што «кожны клясны чын дае чалавеку».

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

«Гэта нармальная практыка. Іншая справа, як гэта будзе ў нас рэалізоўвацца. Бо ў нармальнай краіне кожны клясны чын — толькі праз экзамэн».

А чаму гэтым пытаньнем займаецца Савет бясьпекі?

«У нас Савет бясьпекі займаецца арганізацыяй пасяўной. Якая краіна, такі і Савет бясьпекі. Я лічу, што гэта вялізнае глупства — абцяжарваць вельмі вузкі спэцыфічны орган працай, якая ў прынцыпе знаходзіцца па-за ягонымі задачамі. Ёсьць адміністрацыя прэзыдэнта, закон аб дзяржаўнай службе, падзаконныя акты, указы — і на гэтым узроўні павінна вырашацца пытаньне», — сказаў Андрэй Паротнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG