Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка кожны дзень праяжджае побач з Курапатамі, але за 24 гады ніводнага разу там не спыніўся


Курапаты павінна быць прыведзены ў парадак як мага больш апэратыўна. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ. Было сказана, што пытаньне паступіла ад грамадзянаў. Але яно было сярод 12 пытаньняў Свабоды Аляксандру Лукашэнку.

Як піша БелТА, яшчэ летась Лукашэнка даручыў сваёй адміністрацыі разабрацца з гэтым пытаньнем. Але фактычна нічога ня зроблена.

«Пара заканчваць гэтую валтузьню на касьцях, — сказаў Лукашэнка. — Вы зацягнулі з макетам гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакумэнты, каб я мог зацьвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба больш апэратыўна скончыць гэта, прывесьці ў парадак лес, урочышча, паставіць самы просты помнік — капліцу ці яшчэ штосьці, мы прымем рашэньне. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі».

Лукашэнка запэўніў, што гэта «абавязкова будзе зроблена». Аднак заважыў, што пытаньне Курапатаў як было адпачатку палітызаванае, такім засталося і цяпер. Асабіста яго гэта не задавальняла тады і не задавальняе сёньня.

Лукашэнка канстатаваў, што ёсьць некалькі вэрсій трагічных падзей ў гэтым месцы. Паводле адной, у Курапатах савецкія ўлады расстрэльвалі рэпрэсаваных беларусаў. Паводле другой, падчас вайны там учынялі расправы над жыхарамі Беларусі немцы. На яго думку, ужо ня так важна, хто быў вінаваты ў трагедыі, бо вынік адзін — загінулі людзі. «Людзі, якія там, хочуць спакою. Ім ня трэба гэтыя скокі на касьцях».

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што кожны дзень праяжджае побач з Курапатамі. Пры гэтым вядома, што за 24 гады ва ўладзе ніводнага разу месца расстрэлаў ён так і не наведаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG