Міжнародная шахматная фэдэрацыя (ФІДЭ) запатрабавала ад свайго кіраўніка Кірсана Ілюмжынава неадкладна пайсьці ў адстаўку. Зварот апублікаваны на сайце арганізацыі.
Гэтае патрабаваньне ў ФІДЭ патлумачылі фінансавымі праблемамі, зь якімі сутыкнулася арганізацыя праз уведзеныя ў дачыненьні Ілюмжынава санкцыі Мінфіну ЗША, а таксама «неспрыяльны ўплыў на рэпутацыю міжнароднай фэдэрацыі, які падрывае давер аматараў шахмат».
Пытаньне аб сыходзе Ілюмжынава з пасады кіраўніка ФІДЭ было ўзьнята на пасяджэньні прэзыдэнцкай рады арганізацыі, якая адбылася 7-8 красавіка ў Менску. За яго адстаўку выказаліся 14 чальцоў рады.
Раней разьліковы банк Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі, швэйцарскі UBS, папярэдзіў, што зьбіраецца ў красавіку закрыць рахункі арганізацыі праз санкцыі ў дачыненьні да Ілюмжынава. У сакавіку 2017 году інфармацыя пра яго адстаўку зьявілася на сайце ФІДЭ, сам Ілюмжынаў назваў гэты інцыдэнт правакацыяй. Тады ж ён заяўляў, што пакіне свой пост толькі ў тым выпадку, калі нехта дакажа, што ён зьяўляецца «перашкодай» для арганізацыі праз санкцыі ЗША.
Кірсан Ілюмжынаў займае пасаду кіраўніка ФІДЭ з 1995 году. У 2015 годзе ягоныя паўнамоцтвы былі абмежаваныя, паколькі ўлады ЗША абвінавацілі яго ў падтрымцы ўраду Сырыі і ўвялі супраць яго санкцыі. Пасьля гэтага Ілюмжынаў падаў пазоў да Міністэрства фінансаў ЗША аб абароне гонару і годнасьці, запатрабаваўшы 50 мільярдаў даляраў у якасьці кампэнсацыі за маральны і матэрыяльны ўрон ад санкцый.