У Канадзе ў аварыі, у якую трапіў аўтобус з моладзевай хакейнай камандай, загінулі ня менш за 14 чалавек.
Аварыя адбылася 6 красавіка вечарам на адной з трас ў правінцыі Саскачэван. Аўтобус, у якім гульцы каманды Humboldt Broncos ехалі на гульню з Nipawin Hawks, сутыкнуўся з грузавіком за 30 км ад горада Тысдэйл.
Паводле афіцыйных дадзеных, усяго ў аўтобусе знаходзіліся 28 чалавек, 14 зь іх загінулі, астатнія атрымалі траўмы. Тры чалавекі знаходзяцца ў крытычным стане.
Паліцыя праводзіць расьсьледаваньне абставінаў аварыі. Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо выказаў спачуваньні семʼям загінулых і пацярпелым.
«Я не магу ўявіць, што перажываюць бацькі, і маё сэрца разам з усімі, хто пацярпеў ад гэтай страшнай трагедыі», — напісаў ён у Twitter.
Таксама спачуваньні выказала хакейная арганізацыя Канады.