Самым багатым чалавекам Эўропы стаў французкі бізнэсовец Бэрнар Арно, прэзыдэнт групы кампаній Louis Vuitton Moet Hennessy, якая займаецца вытворчасьцю прадметаў раскошы, у тым ліку папулярных ва ўсім сьвеце жаночых торбаў, якія даўно сталі сымбалем пасьпяховасьці і прэстыжу, паведамляе Bloomberg.
У сусьветным рэйтынгу самых багатых людзей Арно займае чацьвёртае месца.
Паводле вэрсіі Bloomberg Billionaires Index, Арно з багацьцем 70,7 мільярды даляраў абышоў гішпанскага мільярдэра Амансіё Артэгу, заснавальніка Inditex, кампаніі, якой належаць брэнды вопраткі Zara, Bershka, Oysho і іншыя. Яго капітал Bloomberg ацаніў у 70,2 мільярды даляраў.
Росту багацьця «караля торбаў» Арно паспрыяў рост каціровак іншага вядомага дому моды Christian Dior, у якім бізнэсоўцу належыць пэўная доля.