Моцныя нацыянальныя дзяржавы павінны стаць асновай эўрапейскага ладу, заявіў у Будапэшце заснавальнік і лідэр кіруючай у Польшчы кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качынскі.
Качынскі прысутнічаў разам з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам на адкрыцьці помніка былому польскаму прэзыдэнту Леху Качынскаму, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам у красавіку 2010 году. На борце знаходзіліся яшчэ 95 членаў урадавай дэлегацыі.
Польскі палітык, выступаючы ў пятніцу перад вугорскімі грамадзянамі, заклікаў іх падтрымаць прэм’ер-міністра Орбана на маючых адбыцца ў нядзелю усеагульных выбарах. Качынскі заявіў, што паняцьці «годнасьці» і «свабоды», зьвязаныя з імем Віктара Орбана, важныя ня толькі для вугорцаў, але і для палякаў.
Вугорскі прэм’ер выказаў сваю пазыцыю адносна ролі Будапэшту і Варшавы ў абароне нацыянальных інтарэсаў. Паводле словаў Орбана, у Вугоршчыны і Польшчы агульнае мінулае, агульная барацьба і агульная мэта — пабудаваць і абараняць свае дзяржавы так, як жадаюць яны самі, абараняючы «хрысьціянскія і нацыянальныя каштоўнасьці».
Польшча і Вугоршчына ў апошнія гады неаднаразова выказвалі нязгоду з пазыцыяй кіраўніцтва Эўразьвязу па праблемах міграцыі і дэмакратычных рэформаў.