Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьці Ванеевай, якая паспрачалася з Максімам Галкіным пра «Белоруссию», падаравалі цымбалы


Насьця Ванеева грае на падараваных цымбалах. Зьлева – настаўніца музычнай школы Вольга Грагоўская

Блогеры Антон Матолька і Эдуард Пальчыс адвезьлі ў Смаргоні цымбалы для Насьці Ванеевай, якая стала папулярнай пасьля выступу на расейскім тэлешоў.

11-гадовая Насьця Ванеева ў эфіры тэлешоў «Лучше всех» расейскага Першага каналу паправіла вядучага Максіма Галкіна. Вядучы прадставіў Насьцю як музыку зь «Белоруссии», але тая запярэчыла. «Правільна казаць „зь Беларусі“», — сказала яму дзяўчынка.​

Сваіх цымбалаў у Насьці не было, сям’я арандавала інструмэнт у музычнай школе. Цымбалы напракат «каштавалі капейкі», кажа маці Насьці Юлія Саладкевіч. А кошт новых цымбалаў, пра якія марыла Насьця, — каля 3000 рублёў.

«Свае ўсё ж лепей. Дзякуй за цымбалы, праўда, ня ведаю каму», — кажа Юлія Саладкевіч.

Цымбалы для Насьці Ванеевай перадала мянчанка Вікторыя Машлякевіч. Яна ўбачыла пост у інстаграме Радыё Свабода, дзе гаварылася, што ў Насьці няма сваіх цымбал. Вікторыя захацела падараваць цымбалістцы са Смаргоняў свой інструмэнт, на якім займалася 9 гадоў у музычнай школе.

«Ужо 12 гадоў, як скончыла музычную школу. Увесь гэты час цымбалы ляжалі бяз справы, але я не хацела іх прадаваць — захоўвала як памяць. Убачыла відэа перадачы з удзелам Насьці, пасьля рэпартажу са Смаргоняў. Вельмі спадабалася, як Насьця грае», — сказала Свабодзе Вікторыя Машлякевіч.​

Вікторыя кажа, што напачатку не дала веры, што ў Насьці няма сваіх цымбалаў — як жа тады дзяўчынка займаецца?

«Спадзяюся, мае цымбалы зажывуць другім жыцьцём і будуць радаваць усіх нас музыкай. Насьце зычу посьпехаў», — сказала Вікторыя Машлякевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG