«Фразу „расейскія алігархі“ лічым недарэчнай. Даўно прайшоў той час, калі ў Расеі былі алігархі, у Расіі няма алігархаў», — сказаў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.
Гэтак ён пракамэнтаваў інфармацыю пра допыт, на які ў ЗША запрасілі некалькіх алігархаў з Расеі.
Сьледчая група Робэрта Мюлера, якая расьсьледуе расейскае ўмяшаньне ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары, правяла гутарку з двума расейскімі алігархамі, якія знаходзіліся з візытам у ЗША. Пра гэта 4 красавіка паведаміла тэлекампанія CNN.
Імёны гэтых людзей і час допытаў у паведамленьні не пазначаныя.
У расейцаў дапытваліся пра тое, ці вядома ім аб любых выпадках ахвяраваньняў з Раскі на выбарчую кампанію Дональда Трампа ці яго інаўгурацыйную цырымонію.
У аднаго з алігархаў, чый прыватны самалёт зрабіў пасадку на аэрадроме Нью-Ёрку, былі агледжаны пэрсанальныя электронныя прылады.
Амэрыканскія сьледчыя неафіцыйна зьвярнуліся да яшчэ аднаго расейскага алігарха, які не наведваў ЗША апошнім часам, з просьбай добраахвотна адказаць на пытаньні, якія цікавяць сьледчых.
Амэрыканскае заканадаўства забараняе іншаземцам фінансаваць перадвыбарчыя кампаніі кандыдатаў.