Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве беларускія фірмы дапамагалі легалізаваць вугаль з самаабвешчанай «ДНР»


Ілюстрацыйнае фота

Гомельскае прадпрыемства ТАА «Бізнэс-Альянс» і берасьцейскае ТАА «Вестэк» фігуруюць у крымінальнай справе, адкрытай ва Ўкраіне з нагоды факту фінансаваньня самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

У матэрыялах справы адзначаецца, што гэтыя дзьве кампаніі былі задзейнічаныя ў легалізацыі здабытага на непадкантрольных тэрыторыях Данбасу вугалю для далейшага яго продажу ва Ўкраіне.

Паводле схемы, раскрытай сьледчымі, створаны на тэрыторыі непадкантрольных Кіеву раёнаў Данецкай вобласьці цэнтар «Вугаль Данбасу» прадаваў паліва прадпрыемствам, зарэгістраваным на тэрыторыі Расеі, якія, у сваю чаргу, перапрадавалі яго беларускім пасярэднікам, а тыя — эстонскай кампаніі. Наступнымі пакупнікамі вугалю былі ўжо кіеўскія кампаніі.

Як адзначаецца ў судовых рашэньнях, у выніку такіх угодаў падаткі пералічваліся ў бюджэт так званай «ДНР» на карысьць створаных там фондаў сілавога блёку з далейшым разьмеркаваньнем «для фінансавага і матэрыяльнага забесьпячэньня тэрарыстычнай дзейнасьці, у тым ліку зьвязанай непасрэдна з ажыцьцяўленьнем канкрэтных тэрактаў у дачыненьні прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Украіны».

Справу пачалі расьсьледаваць у траўні 2015 годзе, яе ініцыявала ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнавецкай вобласьці, калі быў зафіксаваны факт перавозу антрацытавага вугалю на адну з чыгуначных станцый у гэтым рэгіёне са станцыі Тарэз Данецкай вобласьці.

Далей справу перадалі ў галоўнае ўпраўленьне СБУ ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Факт удзелу беларускіх кампаній у якасьці пасярэднікаў стаў вядомы толькі цяпер, калі канчатковы пакупнік — кіеўская прыватная кампанія «Авалон Трэйд» — пачала ў судах абскарджваць арышт 275,8 т вугалю, набытага ў сьнежні 2017 году ў эстонскай кампаніі Known Trade Consalt OÜ.

Як вынікае з судовага рашэньня, ніводная зь беларускіх кампаній не далучаная да судовага працэсу і ня мае статусу абвінавачаных ці падазраваных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG