Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абмяркуе павелічэньне гандлю з ЗША ў Вашынгтоне


Вашынгтон
Вашынгтон

4 красавіка ў Вашынгтоне пачаліся перамовы беларускай дэлегацыі на чале з кіраўніком дэпартамэнту замежных эканамічных сувязяў Міністэрства замежных спраў Беларусі Рамана Собалева з прадстаўнікамі Міністэрства гандлю Злучаных Штатаў Амэрыкі. Пра гэта паведаміў на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

Паводле яго, бакі абмяркуюць пашырэньне магчымасьцяў гандлю паміж дзьвюма краінамі.

Па дадзеных Белстату, таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША склаў усяго 130 мільёнаў даляраў у 2016 годзе.

Ужо 25 гадоў Беларусь хоча ў WTO

Акрамя таго, беларускія экспэрты абмяркуюць у Вашынгтоне актуальныя пытаньні далучэньня краіны да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).

Заяўку на ўступленьне ў WTO Беларусь падала яшчэ ў 1993 годзе. У чэрвені 2009-га Беларусь, Казахстан і Расея раптоўна аб’явілі, што прыпыняюць двухбаковыя перамовы аб уступленьні ў WTO і будуць весьці кансультацыі наконт уступленьня ў арганізацыю адзінай мытнай тэрыторыяй. Аднак празь некалькі месяцаў тры краіны аднавілі двухбаковыя перамовы аб далучэньні да WTO паасобку. У выніку Расея стала сябрам WTO ў жніўні 2012 году, Казахстан — у лістападзе 2015-га.

«Цэны зьменшацца, асартымэнт вырасьце». Топ-5 матываў Беларусі далучыцца да WTO

У кастрычніку 2012 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вострая неабходнасьць далучэньня Беларусі да WTO адпала пасьля ўступленьня туды Расеі:

«Мы фактычна працаваць будзем у рамках Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, асабліва маю на ўвазе, што Расея — наш асноўны партнэр. Таму, можа быць, нават і лепш, што мы паступова прывыкнем да гэтых нормаў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі», — сказаў ён.

Тады ж Лукашэнка зьвярнуў увагу на палітычны аспэкт праблемы:

«Мы правялі перамовы, але наткнуліся на палітычны плот. Нам кажуць, што гэта чыста гандлёвая, эканамічная арганізацыя — Сусьветная гандлёвая арганізацыя. Нічога падобнага. Палітыка тут пераважае. І палітычны плот гэты выбудавалі перад намі Эўразьвяз і Злучаныя Штаты Амэрыкі зь вядомых вам прычынаў: у нас няма правоў чалавека, у нас апошняе апірышча дыктатуры там і гэтак далей і да таго падобнае».

Вясной 2013 году Беларусь аднавіла перамовы аб уступленьні ў WTO. 29 сакавіка 2016 году Лукашэнка правёў нараду аб узаемадзеяньні краіны з WTO, на якой даручыў актывізаваць перамоўны працэс. Неўзабаве пасьля гэтага ўказам прэзыдэнта быў абноўлены склад міжведамаснай камісіі ў пытаньнях далучэньня Беларусі да WTO, якую ўзначаліў першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG