Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палац Радзівілаў пад Баранавічамі выставілі на аўкцыён


Палац Радзівілаў у Паланечцы. Тут і ніжэй — здымкі верасьня 2017 году

Будынак былога палаца Радзівілаў у вёсцы Паланечка пад Баранавічамі чарговым разам выставілі на аўкцыён. Пачатковая цана палаца — 19 210 рублёў 72 капейкі.

Аўкцыён прызначаны на 29 траўня, праводзіць яго будзе фонд «Брэстаблмаёмасьць». Упершыню гэты будынак быў выстаўлены на аўкцыён у 2013 годзе. У 2014 годзе палац прадалі ААТ «Спэцактыўбуд-інвэст», але фірма не змагла заплаціць за яго і знайсьці інвэстара для рэстаўрацыі, таму ўлады сканфіскавалі сядзібу ў пакупніка. Аўкцыёны ў 2016 і 2017 гадах прайшлі безвынікова.

У 2017 годзе цану на палац зьнізілі супраць ранейшай на 80%, што склала 19 210 рублёў 72 капейкі, але не змаглі прадаць. Сёлета цану на вырашылі не зьмяншаць.

Палац, які цяпер мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, быў збудаваны ў XVII стагодзьдзі як рэзыдэнцыя Радзівілаў. Пасьля сьмерці Мацьвея Радзівіла ягоны сын Канстанцін перабудаваў позьнеклясыцыстычны палац у стылі ампір. Потым Альбэрт Станіслаў Радзівіл прыбудаваў зімовы сад у нэагатычным стылі. Палац пацярпеў у час Другой усясьветнай вайны, за савецкай уладай у ім разьмясьцілі школу-інтэрнат.

Недалёка ад палаца ў Паланечцы — драўляны нэагатычны касьцёл Сьвятога Юрыя, збудаваны ў канцы XIX стагодзьдзя, і руіны вадзянога млына. За 6 км ад Паланечкі месьціцца Траецкі касьцёл у Ішкалдзі 1472 году — самы стары зь неперабудаваных касьцёлаў у Беларусі. Да Мірскага замка ад Паланечкі 17,5 км.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG