Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны СНД вырашылі зэканоміць на Эканамічным судзе


Штаб-кватэра Эканамічнага суду СНД у Менску

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка 2-га красавіка ў Палаце прадстаўнікоў расказаў пра рэформу Эканамічнага суду СНД.

Да гэтага часу Эканамічны суд СНД працаваў стала, далей ён будзе зьбірацца толькі ў выпадку патрэбы, калі будуць разглядацца спрэчкі паміж суб’ектамі гаспадараньня краінаў СНД.

У Менску, дзе знаходзіцца штаб-кватэра суду, застануцца толькі чатыры супрацоўнікі — старшыня і трое судзьдзяў. Паседжаньні суду будуць праходзіць у дыстанцыйным рэжыме праз сучасныя сродкі сувязі. Гэта дазволіць, як сказаў Алег Краўчанка, «істотна зэканоміць агульныя грошы».

Другое новаўвядзеньне датычыцца фінансаваньня суду. Раней кожная з краінаў СНД уносіла ў ягоны бюджэт аднолькавую суму. Цяпер жа ўнёскі будуць залежаць ад ВУП і колькасьці насельніцтва краіны.

«Расея будзе пакрываць 84% усіх выдаткаў, а Беларусь — 4%. Калі раней Эканамічны суд СНД абыходзіўся нашай краіне ў 8 мільёнаў расейскіх рублёў, то цяпер гэтая сума зьнізіцца да 600 тысяч», — паведаміў Краўчанка.

Новае палажэньне аб Эканамічным судзе СНД без агаворак падпісалі Расея, Казахстан і Беларусь, з агаворкамі — Кіргізстан і Таджыкістан. Сядзіба Эканамічнага суду СНД застанецца ў Менску.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выслухаўшы намесьніка міністра замежных спраў, прагаласавалі за ратыфікацыю прапанаваных ім міждзяржаўных дакумэнтаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG