Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чэрвені-верасьні 1934 году СССР наведаў беларус-эмігрант з царскай Расеі, які ў 1935 выдаў у ЗША кнігу са сваімі ўражаньнямі ад паездкі.

Аўтарам моцна крытычнай кнігі, азагалоўленай «Что я видел в советской России? Из моих личных наблюдений», — якую сёлета перавыдалі ў Маскве — быў пазначаны «Минский Мужик».

Піша карэспандэнт рускай службы Радыё Свабода Канстанцін Львоў:

Пад мянушкай Менскі Мужык скрываўся Дзяніс (Дзіянісі) Маркавіч Гарбацэвіч (1895–1986), народжаны ў мужыцкай сям’і на хутары ў Слуцкім павеце Менскай губэрні. У 18 гадоў Дзяніс выехаў на заробкі ў ЗША, дзе працаваў «работнікам пры станку», журналістам і бібліятэкарам ды ўдзельнічаў у дзейнасьці эмігранцкіх гуманітарных таварыстваў.

«Я зразумеў, што ў Расеі жыць нельга»

У СССР ён прыяжджаў тройчы — у 1934, 1960 і 1966 гг., наведваў сваякоў (зяць рэпрэсаваны, маці і сястра зь сям’ёй загінулі падчас нямецкай акупацыі), жыў па месяцы і больш, і кожны раз, вярнуўшыся з СССР, публікаваў падарожныя нарысы. Падчас сваёй першай паездкі ў СССР Гарбацэвіч пабываў у Ленінградзе, Маскве, Менску і на радзіме, зь верасьня ён публікаваў занатоўкі з падарожжа ў газэце «Рассвет» (Нью-Ёрк), выдадзеныя асобнай кнігай праз год.

Магчыма, Гарбацэвіч, схілены савецкай прапагандай і эканамічным крызысам у ЗША, меркаваў вярнуцца на радзіму. Але хутка перадумаў: «Я зразумеў, што ў Расеі жыць нельга» — напісаў ён у сваёй кнізе.

Менскі Мужык недвухсэнсоўна гаварыў пра заданьне сваіх кніг і артыкулаў: «Хлусьня і дэмагогія бальшавікоў, з аднаго боку, рабства і галеча рускага працоўнага народа — з другога, вось што прымусіла мяне напісаць гэтую кнігу. Я хварэў душой, калі бачыў увесь кашмар ў СССР, і яшчэ больш хварэў тады, калі пісаў гэтую кнігу… Свабоды і ўзаемнай каапэрацыі народу нельга са сьвечкай знайсьці ў СССР. А без свабоды і народаўладзьдзя ня можа быць сацыялізму».

Гарбацэвіч спачуваў ідэям анархістычнага сацыялізму, згадаў у кнізе Махно, наведаў у Маскве і падрабязна апісаў музэі Льва Талстога і Крапоткіна, прыгнечаныя «бальшавіцкімі самадурамі і катамі». Сваю публіцыстыку Гарбацэвіч лічыў антысавецкай прапагандай, асуджаў эўрапейскіх камуністаў, што па ўказцы Масквы выступалі супраць сацыяльных рэформаў у сваіх краінах, асуджаў і недалёкіх сваіх суайчыньнікаў, якія зрабілі савецкія пашпарты.

Што ж так ўзрушыла і абурыла Мінскага Мужыка?

Першае, з чым сутыкаецца кожны падарожнік, — транспарт. У савецкай краіне карыстацца сеткай камунікацый была вельмі цяжкая. Перасоўваньне па горадзе пераўтваралася ў выпрабаваньне: «У трамваях неверагодная цісканіна. Людзі чапляюцца за што папала, каб толькі як-небудзь даехаць. У масквічоў нават склалася шарады пра свае трамваі:

Один правит, другой кричит,
20 избранных сидят,
30 стенки подпирают,
10 в воздухе висят.
»

Гарбацэвіч таксама заўважыў агентаў ГПУ на месцы транспартнай і гатэлевай абслугі. Не схаваліся ад яго ўвагі і рэпрэсіі, масавыя ссылкі і праца зьняволеных:

«Паводле яго слоў [аднаго з суразмоўцаў аўтара — РС], сотні падалі з тачкамі і ляцелі ў прорву. Параненых пасылалі ў лязарэт, забітых — складалі ў загадзя выкапаны роў і засыпалі зямлёй. У чэргах за кіпенем і ежай штодня прастойвалі да трох гадзін. Адзеньня і абутку не даюць. Зьняволеныя сьпяць на саламяных матрацах і ў дрэнна ацепленых бараках. Бруд, вошы і хваробы — неадступныя спадарожнікі ссыльных. Пры добрым харчаваньні заданьне можна было б выканаць за 8-гадзінны працоўны дзень. Але часта даводзіцца працаваць 12 гадзін і больш.

У сярэднім кожнага дзясятага селяніна і грамадзяніна пасылаюць у раён і ГПУ, дзе засядае тройка райкама, адказная перад губкамам. Там гэтых грамадзян трымаюць ад аднаго да чатырох тыдняў. Бяруць іх на допыт амаль кожны дзень. І патрабуюць аддаць схаванае… Звычайна ставяць голых па вушы ў бочку з халоднай вадой і ставяць да сьценкі, дзе расстрэльваюць з халастых»…

Цалкам чытаць матэрыял ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG