Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Берасьця зноў сабраліся праціўнікі акумулятарнага заводу 


Адна з сакавіцкіх акцый у Берасьці супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу
Адна з сакавіцкіх акцый у Берасьці супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

1 красавіка праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасьці зноў сабраліся ў цэнтры гораду, каб абмеркаваць далейшыя дзеяньні. На плошчу Леніна выйшлі блізу 100 чалавек, некаторыя трымалі чорныя і жоўтыя паветраныя шары з надпісам «Жыць».

Як расказалі БелаПАН удзельнікі акцыі , многія зь іх ня першы раз выходзяць на плошчу — падобныя акцыі праходзяць кожную нядзелю, пачынаючы ад 25 лютага.

«У мяне чацьвёра ўнукаў і я перажываю за іх здароўе. Акумулятарнага заводу не павінна быць пад Берасьцем», — адзначыла жыхарка Берасьцейскага раёну.

Іншы удзельнік акцыі лічыць, што Беларусь успрымаюць як краіну трэцяга сьвету, куды можна перанесьці такія небясьпечныя вытворчасьці.

«Жыхары Берасьця і раёну супраць гэтага прадпрыемства, але чыноўнікі нас ня чуюць», — заявіў суразмоўца агенства.

Мясцовы праваабаронца Раман Кісьляк не выключае, што некаторыя найбольш актыўныя ўдзельнікі могуць быць затрыманыя — людзі ў цывільным падыходзяць і раяць ня ўдзельнічаць у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Узьвядзеньне акумулятарнага заводу пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПаўэр», падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плянуецца наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасьцейскага раёну і абласнога цэнтру лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Сабрана 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва, яны перададзеныя ў прэзыдэнцкую адміністрацыю.

31 сакавіка праціўнікі будаўніцтва правялі інфармацыйную акцыю, каб прыцягнуць увагу грамадзкасці да небясьпечнай вытворчасьці. За гадзіну мінакам было раздадзена 150 улётак пра шкоду сьвінцу і 50 чорных балёнікаў, на якіх белымі літарамі напісана «Жыць». Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG