Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дуброўне аштрафавалі актывістку АГП, якой у Дзень Волі не далі даехаць да Менску


Натальля Стрэльчанка
Натальля Стрэльчанка

Натальлю Стрэльчанку аштрафавалі на 196 рублёў нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам у райадзьдзеле міліцыі, куды яе даставілі ў 6:30 раніцы 25 сакавіка.

Падстава для затрыманьня — заява ад «дыскрэдытаванага чыноўніка»

Натальля — вядомая ў рэгіёне актывістка АГП, адзінай партыі, прадстаўнікі якой ёсьць у райцэнтры. Менавіта гэтым яна тлумачыць «неабыякавасьць» мясцовай міліцыі. Яе затрымалі, калі яна ішла на аўтавакзал, каб ехаць у Менск на Дзень Волі. Міліцыянты сказалі, што на яе паступіла заява ад чыноўніка райвыканкаму «за дыскрэдытацыю».

«Сказалі, трэба ісьці разьбірацца. Я зьдзівілася: нядзеля, 6 гадзін раніцы... Але пайшла. У пастарунку трымала ў руках тэлефон, які мне ўвесь час загадвалі пакласьці ў сумку. Падазравалі, што я здымаю відэа. Але ж я нічога не здымала! Проста чакала званка ад сваякоў, каб паведаміць, дзе я падзелася. Адмову схаваць тэлефон кваліфікавалі як непадпарадкаваньне. А калі я сама вырашыла патэлефанаваць знаёмым, тэлефон адабралі гвалтам», — апавяла Натальля Стрэльчанка.

Нягледзячы на тое, што Натальля Стрэльчанка адна выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей, яе пратрымалі да 26 сакавіка ў ізалятары. На ейную скаргу начальнік мясцовага РАУС Алег Сказецкі заявіў, што ў дзеяньнях міліцыянтаў парушэньняў ня бачыць.

Тэлефон застаўся ў судзе як «рэчавы доказ»

Сваё затрыманьне Наталья Стрэльчанка праз смартфон трансьлявала ў Фэйсбук. Але ў пастарунку, кажа, відэа не здымала. Судзьдзя Ігар Татаеў палічыў, што факту непадпарадкаваньня гэта не абвяргае і пакараў яе штрафам у 8 базавых велічынь.

Натальля Стрэльчанка зьбіраецца абскардзіць прысуд. Да таго часу яе тэлефон застаецца «ў матэрыялах справы» і зь яго хтосьці заходзіць на яе старонкі ў сацыяльных сетках, сьцьвярджае Натальля.

Міліцыянты сказалі ў судзе, што заява пра абразу гонару і годнасьці паступіла да іх ад намесьніка старшыні райвыканкаму позна ўвечары 24 сакавіка. І хаця там не было канкрэтных прозьвішчаў, яны вырашылі «правесьці праверку» на наступны дзень з самай раніцы.

Пад гэтую «праверку» раніцай 25 сакавіка трапіў і дубровенскі сябра АГП Міхаіл Чамурака. Ён таксама зьбіраўся ў Менск. На выезьдзе з гораду яго машыну спынілі і загадалі ехаць у РАУС з той самай прычыны — разьбірацца па заяве «аб дыскрэдытацыі».

Ніякай заявы ў пастарунку не паказалі, пратрымалі 7 гадзін і адпусьцілі, калі ехаць у Менск было ўжо позна.

Дзень Волі ў няволі? ДЫСКУСІЯ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG