Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 100 чалавек з 16 краін прабеглі 669 кілямэтраў у гонар 100-годзьдзя БНР


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Арганізатары першага ў гісторыі «Вольнага забегу вольных беларусаў», прысьвечанага 100-гадоваму юбілею абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, падсумавалі вынікі сваёй акцыі.

Паведамляецца, што агулам ініцыятыву падтрымалі 104 атлеты з 16 краін сьвету, у тым ліку ў самой Беларусі. Геаграфія шырокая: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аргентына, Бразылія, Гішпанія, ЗША, Літва, Нігерыя, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Тайлянд, Францыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя.

Пачаткоўцы-аматары і прафэсіяналы разам прабеглі 669 кілямэтраў. Да акцыі далучыліся і замежнікі, якія сымпатызуюць беларусам.

Мапа забегу #belarus100run да 100-годзьдзя БНР:

Самы масавы забег атрымаўся ў беларусаў з Чыкага: 14 асобаў сабраліся арганізаванай групай, яшчэ тры зладзілі індывідуальныя забегі. Найбольшую дыстанцыю за адзін раз скарыў Яраслаў Іванюк з польскай Грабоўкі — 25 кілямэтраў.

Акцыя некамэрцыйная, бяз спонсараў, мэдалёў і стартавых пакетаў. Кожны сам вызначаў дыстанцыю і тэмп. Паводле ўмоваў дастаткова было зафіксаваць пераадоленую дыстанцыю з дапамогаю праграмы-трэкера, сфатаграфавацца з нацыянальнымі сымбалямі і выкласьці фота ў сацсетках з тэгам #belarus100run.

Вольны забег 2018:

«Мы жывём у розных краінах і на розных кантынэнтах. Нас аб’яднала ідэя вольнага забегу да Дня Волі і 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР, нас абʼяднаў сьцяг і Беларусь у сэрцы», — гаворыцца ў адмысловым блогу «Бяжы!».

Ідэя «Вольнага забегу» нарадзілася з дыскусіі ў «Фэйсбуку» і перадусім належыць Вользе Ермалаевай-Франко — беларусцы, якая жыве ў бразыльскім Саўвадоры. Яе актыўна падтрымаў Зьміцер Ягораў з польскай сталіцы. Яны і сталі завадатарамі праекту.

Энтузіязм і пазытыў, якія суправаджалі «Вольны забег вольных беларусаў», заахвочваюць паўтарыць яго на наступны год.

«Мы паб’ём усталяваны рэкорд па кілямэтражы, па колькасьці краінаў і кантынэнтаў, па колькасьці ўсьмешак і бел-чырвона-белых сцягоў», — кажуць арганізатары.

Разглядаюцца варыянты, каб другі па ліку «Вольны забег» ужо меў простую сыстэму рэгістрацыі, публікацыю вынікаў у рэальным часе і спонсараў, якія стымулявалі б удзельнікаў сымбалічнымі прызамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG