Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне дыскутуюць пра ўвядзеньне лацінкі


Міністар замежных справаў Павал Клімкін прапанаваў абмеркаваць магчымае ўвядзеньне ва Ўкраіне лацінкі побач з кірыліцай. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і дадаў, што да такой ідэі яго заахвоціла прапанова гісторыка і журналіста з Польшчы Земавіта Шчэрэка.

«Земавіт Шчэрэк спытаў, чаму б Украіне ня ўвесьці нароўні з кірыліцай лацінку. Наша мэта — фарміраваньне ўкраінскай палітычнай нацыі, таму мы павінны працаваць на тое, што нас аб’ядноўвае, а не разьядноўвае. Зь іншага боку, чаму б не падыскутаваць?» — прапанаваў Клімкін.

На дыскусію адгукнуўся распрацоўнік украінскай лацінкі Юрко Зялёны. Ён напісаў у сябе ў Фэйсбуку, што «кірыліца — залог культурнага адставаньня Ўкраіны і яе уразьлівасьці».

«Сёньня лацінка — гэта лепш за любую памежную паласу і нават сьцены ў 10 мэтраў» — такое крэда ён вынес у загаловак сваёй старонкі.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Украіны Данііл Лубкіўскі адрэагаваў на словы Клімкіна рэзка і абвінаваціў цяперашняга шэфа ўкраінскай дыпляматыі ў тым, што ён «прапануе бессэнсоўныя тэмы» замест таго, каб займацца сваёй працай. А робіць ён гэта, на думку Лубкіўскага, таму, што ён «павярхоўна разумее» Украіну і ставіцца да яе, як да нейкага «праекта», ня ведаючы пра яе глыбінную культуру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG