Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Вялікай Брытаніі пачаў расьсьледаваньне «брудных» грошай з Расеі


Лёндан, ілюстрацыйнае фота

Брытанскія парлямэнтары спрабуюць высьветліць, колькі ў краіне «брудных» грошай з Расеі, як яны зьвязаныя з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і чаму ўрад неэфэктыўна змагаецца зь імі.

Як паведамляе ВВС, на адмысловыя слуханьні запрасілі выканаўчага дырэктара расейскага Фонду барацьбы з карупцыяй Уладзіміра Ашуркава, а таксама дырэктара Цэнтру дасьледаваньняў фінансавых злачынстваў і праблем бясьпекі Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаванняў Рамана Барысовіча.

«Зьявілася надзея, што брытанскі палітычны істэблішмэнт нарэшце нешта зробіць з карумпаванымі фінансавымі плынямі, якія прыходзяць з Расеі», — ня ўтойваў задавальненьня Ўладзімір Ашуркаў, які атрымаў у Брытаніі палітычнае прыстанішча празь перасьлед у Расеі.

Пра пачатак расьсьледаваньня камітэт замежных спраў Палаты грамадаў паведаміў 26 сакавіка, у разгар міжнароднага канфлікту вакол атручваньня былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі.

«Гэты абуральны замах на брытанскай зямлі справядліва асудзілі парлямэнт, Эўразьвяз і нашы саюзьнікі. Нам трэба разам змагацца з уплывам карумпаванага рэжыму. Самае балючае месца — гэта яго кішэня. Камітэт замежных спраў вывучыць, як зрабіць, каб Крэмль больш не выкарыстоўваў нашу сталіцу ў сваіх мэтах», — заявіў кіраўнік камітэту Том Тунендхат.

Пры гэтым узельнікі слуханьняў выказалі думку, што ў Брытаніі сутыкнуліся дзьве тэндэнцыі, якія дрэнна спалучаюцца, — імкненьне максымальна аблегчыць вядзеньне бізнэсу і жаданьне прадухіліць рух капіталу, нажытага незаконным шляхам.

Так, Уладзімір Ашуркаў лічыць, што праваахоўныя органы найперш палохае складанасьць доказаў злачыннага паходжаньня грошай і пэрспэктыва судоў з найлепшымі адвакатамі, паслугі якіх могуць сабе дазволіць расейскія мільярдэры.

Тым ня менш удзельнікі дыскусіі спадзяюцца, што абвастрэньне стасункаў паміж Расеяй і Вялікай Брытаніяй прымусіць урад неадкладна прыняць жорсткія захады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG