Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За падпал у віцебскім музэі захавальніцу пакаралі ўмоўна і накіравалі лячыцца


Віцебскі цэнтар сучаснага мастацтва
Віцебскі цэнтар сучаснага мастацтва

У Першамайскім раённым судзе Віцебску завяршыўся разгляд справы аб падпале, які ўчыніла захавальніца фондаў Цэнтру сучаснага мастацтва. Ёй прысудзілі паўтара года абмежаваньня волі безь зьмяшчэньня ў папраўчую ўстанову, а таксама прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне амбуляторна.

40-гадовая Алена Г. з 2003 году працавала захавальніцай фондаў у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Сьпярша яна казала, што ў памяшканьне ўначы з 19 на 20 сьнежня 2017 году трапіў невядомы, падпаліў пры ёй дакумэнты і карціны — і зьбег да прыезду пажарных. Але потым прызналася, што ўчыніла падпал сама.

Свой учынак яна патлумачыла стрэсавым станам.

«У нас насамрэч неспрыяльныя ўмовы. Бо кіраўніцтва змушае ўсіх выконваць неналежныя па працы абавязкі. Людзі звальняюцца адзін за адным: за апошні час звольніліся тры супрацоўніцы», — сказала падсудная.

Памяшканьне, дзе быў учынены падпал, месьціцца ў шматпавярховым жылым доме ў цэнтры Віцебску.

«Канечне, я не хацела паліць нашы фонды, проста ня вытрымалі нэрвы — напэўна, гэта быў пратэст супраць несправядлівага стаўленьня на працы», — сказала Алена Г. пасьля суду.

Дырэктар Цэнтру сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў у суд над былой супрацоўніцай не прыходзіў, ад камэнтароў адмаўляўся. Суду ён падаў характарыстыку, дзе напісаў, што Алена Г. працавала няблага, але «ў працы былі дапушчаныя недахопы, на якія ёй указалі».

Адвакат Натальля Марачкоўская ў судзе падкрэсьліла, што падабаронная — чалавек творчы, а была вымушана займацца мэханічнай, нецікавай працай, працаваць з дакумэнтамі. Яна прасіла даць Алене Г. мінімальнае пакараньне.

Суд так і зрабіў. Абвешчаны вырак — гэта мінімум, прадугледжаны часткай 2 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу («Сьвядомае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці небясьпечным для грамадзтва чынам»). Апрача таго, што абвінавачаная абавязаная амбуляторна лекавацца «для карэкцыі волева-эмацыйнага стану», яна мусіць сплаціць 124 рублі за правядзеньне экспэртызаў па справе.

Аспрэчваць судовае рашэньне Алена Г. не зьбіраецца.

Цяпер яна зарэгістравалася рамесьнікам і займаецца творчасьцю. Якраз у дзень пачатку суду над ёй у тым самым Цэнтры сучаснага мастацтва адчынілася выстава, дзе экспануюцца яе вырабы. Сёньня яна кажа, што шкадуе толькі аб адным: што раней ня звольнілася з працы, якая перастала яе задавальняць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG