Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўгі абласных бюджэтаў перавышаюць парог эканамічнай бясьпекі, — Мінфін


Даўгавыя абавязаньні практычна ўсіх абласных бюджэтаў перавышаюць парог эканамічнай бясьпекі. Такія дадзеныя былі апублікаваныя на лютаўскай калегіі Міністэрства фінансаў, матэрыялы якой зьявіліся ў апошнім нумары ведамаснага часопіса «Финансы, учёт, аудит», паведамляе БелаПАН.

Паводле ацэнак Мінфіну, на 1 студзеня 2018 году сукупны ўзровень запазычанасьці мясцовых бюджэтаў склаў 5% да ВУП.

«Запазычанасьць усіх абласных бюджэтаў, за выключэньнем Берасьцейскай вобласьці, перавышае парог эканамічнай бясьпекі, вызначаны бюджэтным заканадаўствам», — канстатуе Мінфін.

Паводле зьвестак міністэрства, даўгавыя абавязаньні Менскай вобласьці складаюць 190% даходаў (вышэйшыя за парогавае значэньне ў 2,4 раза), Горадзенскай — 158% (у 2 разы), Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай — 140-145% (у 1,8 раза).

Каб не дапусьціць рост абласных бюджэтаў, мясцовым уладам забаронена выпускаць у абарачэньне валютныя аблігацыі. Адпаведныя зьмены ўжо ўнесеныя ў Бюджэтны кодэкс.

«Па-другое, неабходна цалкам выключыць новыя пазыкі для фінансаваньня дэфіцыту бюджэту. Па-трэцяе, абавязаньні па ўсіх выпушчаных аблігацыях павінны выконвацца своечасова і ў поўным аб’ёме», — гаворыцца ў матэрыялах Мінфіну.

Паводле зьвестак ведамства, асноўная нагрузка на бюджэты, зьвязаная з пагашэньнем даўгоў, прыпадае на наступныя тры гады. Асноўнай крыніцай іх пагашэньня зьяўляюцца сродкі ад вяртаньня пазычальнікамі перакладзеных на бюджэт крэдытаў, адзначае Мінфін.

«На дадатковую падтрымку з рэспубліканскага бюджэту ў пагашэньні мясцовых пазык разьлічваць ня варта», — заяўляе Міністэрства фінансаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG