Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы і Дуброўне судзяць актывістаў, якіх не пусьцілі на «Сьвята незалежнасьці» ў Менск


Суд Аршанскага раёну. Ілюстрацыйнае фота

За падзеі 25 сакавіка суды караюць і тых, хто на сьвяткаваньне ня трапіў: адны аштрафаваныя, іншыя чакаюць судовага выраку.

15 міліцыянтаў у апэрацыі нэўтралізацыі апазыцыянэра

Яўген Анішчанка
Яўген Анішчанка

Супрацоўнікаў міліцыі Аршанскага і Талачынскага раёнаў задзейнічалі для таго, каб не пусьціць у Менск актывіста Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Яўгена Анішчанку. Ён меў намер дабрацца ў сталіцу цягніком, а да аршанскага вакзалу даехаў на ўласным аўта.

У Талачыне яго вывелі зь цягніка — нібыта за тое, што ехаў нецьвярозы. У службовай машыне па дарозе ў Воршу абвінавачаньне перайначылі: аштрафавалі за парушэньне правілаў дарожнага руху. Маўляў, пакінуў аўтамабіль на паркоўцы, дзе стаянка працяглы час не прадугледжана. Анішчанку выпісалі штраф — 1 базавую велічыню (24,5 рубля).

Але на выхадзе з райаддзелу актывіста затрымалі паўторна: нібыта не спыніўся перад знакам «Стоп». Плаціць яшчэ адзін штраф той адмовіўся і настаяў на разборы. Камісію зьбяруць у чацьвер 29 сакавіка. Машыну арыштавалі. Незалежны сайт orsha.eu падлічыў: у спэцапэрацыі затрыманьня апазыцыянэра задзейнічалі 15 міліцыянтаў.

Актывіста чакае суд за фатаграфію бел-чырвона-белага сьцяга

Генадзь Шэпелеў
Генадзь Шэпелеў

Жыхар Барані Генадзь Шэпелеў чакае суду «за несанкцыянаванае пікетаваньне». 25 сакавіка ён прыехаў у Воршу і ў гарадзкім парку каля помніка Ўладзімеру Караткевічу разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг — хацеў выкласьці фатаздымак у сацыяльныя сеткі.

«Спачатку міліцыянты перапісалі мае пашпартныя зьвесткі і адпусьцілі, — расказаў спадар Шэпелеў. — Але праз гадзіну пачалі шукаць па месцы прапіскі, тэлефанавалі, прасілі аб „сустрэчы на 15 хвілін“. Я зразумеў, што будуць цягнуць час. Так і атрымалася».

Спачатку Шэпелеву заявілі, што ён парушыў правілы дарожнага руху. Але ў той дзень актывіст перасоўваўся на ровары. Урэшце склалі пратакол пра несанкцыянаванае пікетаваньне. Паводле артыкулу 23.34 яму пагражае штраф да 30 базавых велічынь або арышт.

У Дуброўне судзяць актывістку, якой не далі даехаць да Менску

26 сакавіка распачаўся суд над актывісткай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальляй Стрэльчанкай. За дзень да таго яе затрымалі па дарозе на аўтавакзал. Склалі пратакол за «непапарадкаваньне» — не пагадзілася схаваць тэлефон, а супрацоўнікі міліцыі баяліся, што яна будзе іх здымаць. Працэс у Дубровенскім райсудзе перанесены на 30 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG