Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсудны Юры Іваноў
Падсудны Юры Іваноў

Суд у справе, якую «дапамог раскрыць» Лукашэнка. ЖЫВЫ БЛОГ

27 сакавіка ў Менску пачаўся суд у справе, якую «дапамог раскрыць» Аляксандар Лукашэнка. Справу аб забойстве, якое адбылося ў Магілёве ў 2009 годзе, разглядае Вярхоўны суд. На працэсе прысутнічае бацька забітай жанчыны.

27 сакавіка ў Менску пачаўся суд у справе, якую «дапамог раскрыць» Аляксандар Лукашэнка. Справу аб забойстве, якое адбылося ў Магілёве ў 2009 годзе, разглядае Вярхоўны суд. На працэсе прысутнічае бацька забітай жанчыны.

1 лютага Лукашэнка расказаў, што дапамог раскрыць крымінальную справу «аб забойстве жыхаркі Магілёўскай вобласьці некалькі гадоў таму». Паводле Лукашэнкі, да яго зьвярнуўся незадаволены першым разглядам справы бацька забітай. Лукашэнка папрасіў даслаць матэрыялы, вывучыў іх і «даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расьсьледаваць гэтую крымінальную справу».

Пазьней Генпракуратура паведаміла, што «пасьля завяршэньня новага папярэдняга расьсьледаваньня» вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду быў адменены, а крымінальная справа накіраваная на паўторны разгляд у Вярхоўны суд.

Першы разгляд справы аб забойстве дачкі Леаніда Сьляпнёва скончыўся апраўданьнем абвінавачанага і яго вызваленьнем з-пад варты. Судзьдзя ў размове з журналісткай парталу TUT.BY прызнавалася, што гэта быў першы апраўдальны прысуд у справе аб забойстве за яе кар’еру.

«Канваяваў зьняволеных, вучыўся на міліцыянта». Бацька забітай магіляўчанкі пра справу, якую «раскрыў» Лукашэнка

09:49 27.3.2018

На працэс прыйшлі родныя забітай жанчыны — бацька, цётка, дзядзька і сын, а таксама маці абвінавачанага Іванова. Яна гучна зьвярнулася да журналістаў з просьбай паразмаўляць пасьля заканчэньня працэсу і «расказаць усю праўду».

Дзядзька і цётка забітай
Дзядзька і цётка забітай

​У залі разам з журналістамі каля 10 чалавек. Абвінавачанага разьмясьцілі за кратамі ў клетцы. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах: ч.2 артыкула 139, ч.1 арт. 205, ч.3 арт. 218 і па артыкуле 378 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

09:50 27.3.2018

Пачатак разгляду справы ў 10.00. Бацька забітай Леанід Сьляпнёў сказаў журналістам, што гэтым разам спадзяецца на справядлівы вырак суду.

Леанід Сьляпнёў
Леанід Сьляпнёў

10:04 27.3.2018

Працэс пачаўся. Справу разглядае судзьдзя Гураў, бок абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Генпракуратуры Гіргель. Акрамя гэтага, на працэсе прысутнічаюць народныя засядацелі Ільіч, Кузіна і Салавей. Правы абвінавачанага Юрыя Іванова прадстаўляе адвакат Аксінькоў.

Судзьдзя забараніў весьці фота- і відэаздымкі працэсу.

Падсудны Юры Іваноў
Падсудны Юры Іваноў

10:13 27.3.2018

Пачаўся допыт абвінавачанага Юрыя Іванова. Ён адказвае на пытаньні судзьдзі гучна, павышаючы голас. Іваноў да затрыманьня працаваў у Пецярбургу «куратарам па будаўніцтве» ў фірме, назвы якой ня можа ўзгадаць. Яго затрымалі 8 жніўня 2017 году.

Іваноў расказвае, што мае толькі сярэднюю спэцыяльную адукацыю, разьведзены, мае трохгадовую дачку, якая жыве зь ягонай былой жонкай.

10:21 27.3.2018

Пацярпелымі па справе прызнаныя бацька забітай жанчыны Леанід Сьляпнёў і яе сын Аляксей Паддубскі.

10:29 27.3.2018

Пракурор падаў хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасьці сьведак былога мужа загінулай, калегу асобы, якая знайшла нож (тым нажом, як мяркуецца, было ўчынена забойства), аднаго з сукамэрнікаў абвінавачанага і шэраг экспэртаў.

Абвінавачаны Юры Іваноў, у сваю чаргу, просіць выклікаць у суд экспэртаў, якія праводзілі яго псыхалінгвістычную і судова-псыхіятрычную экспэртызы. Кажа, што мае да іх шэраг пытаньняў, якія пакуль ня можа агучыць.

10:40 27.3.2018

Абвінавачаны нанёс жанчыне ня менш за 41 удар нажом

Па словах пракурора, абвінавачаны, «знаходзячыся ў стане алькагольнага ап’яненьня і ўсьведамляючы небясьпеку сваіх дзеяньняў», падчас сваркі нанёс загінулай ня менш за 41 удар нажом. «Нанесеныя пашкоджаньні сталі прычынай сьмерці пацярпелай на месцы злачынства», — сказаў дзяржаўны абвінаваўца.

Пасьля гэтага, па словах пракурора, Іваноў скраў з дома забітай залатыя і срэбныя ўпрыгожаньні, тэлефон і іншыя рэчы на агульную суму 2 мільёны 200 тысяч недэнамінаваных рублёў (больш за 500 базавых велічынь). Акрамя гэтага, Іваноў скраў пашпарт забітай Сьвятланы Паддубскай. Жадаючы схаваць сьляды на месцы злачынства, абвінавачаны, па словах пракурора, уключыў у доме газавыя канфоркі. Выбуху перашкодзілі супрацоўнікі газавай аварыйнай службы.

10:40 27.3.2018

Падсудны не прызнаў сябе вінаватым

«Я сябе вінаватым не прызнаю па ніводным артыкуле», — заявіў абвінавачаны Іваноў.

Юры Іваноў
Юры Іваноў

10:44 27.3.2018

Суд вызначыў парадак разгляду справы. Спачатку будзе адбывацца допыт пацярпелых, потым сьведак, пасьля адбудзецца дасьледаваньне матэрыялаў справы і допыт абвінавачанага.

11:04 27.3.2018

«21 год пазбаўленьня волі пракурор прасіў, і калі пачуў вырак „невінаваты, вызваліць з-пад варты“, атарапеў», — бацька забітай

У судзе выступае бацька забітай Сьвятланы Паддубскай Леанід Сьляпнёў. Ён наракае на першы апраўдальны прысуд, кажа, што першая судзьдзя «адным махам перакрэсьліла» працу, праведзеную сьледчымі. Кажа, што абвінавачаны Іваноў добраахвотна напісаў яўку з павіннай.

Абвінавачвае першага адваката Іванова ў тым, што той дапамог яму пазьбегнуць пакараньня. «Ён газ пусьціў, калі б быў выбух, пацярпелі б іншыя людзі, была б атамная бомба», — узгадвае Сьляпнёў. Ён расказвае, што першага адваката Іванова пасьля яго справы адхілілі ад працы зь фізычнымі асобамі. «Ніхто ня мог такія падрабязнасьці справы ведаць, якія былі апісаныя ў прызнаньні, акрамя самога забойцы, — кажа Сьляпнёў. — Зрабілі з забойцы невінаватую ахвяру».

Па словах бацькі забітай, на першым разглядзе справы Іваноў сьцьвярджаў, што паказаньні падчас першага сьледзтва даваў пад ціскам сьледчых, у тым ліку фізычным.

«Калі быў вынесены апраўдальны вырак, мы не чакалі такога, — кажа Сьляпнёў. — 21 год пазбаўленьня волі пракурор прасіў, і калі пачуў вырак „невінаваты, вызваліць з-пад варты“, то атарапеў... Іванова апранулі і хутка зьвезьлі. Мая жонка не змагла падняцца з лавы ў залі суду, так там і засталася сядзець».

Словы Сьляпнёва абурылі адваката Іванова, які абараняў яго і падчас першага разгляду справы. Судзьдзя спыніў іх спрэчку, просіць Сьляпнёва расказваць пра акалічнасьці забойства ягонай дачкі.

11:16 27.3.2018

Маці забітай пасьля апраўдальнага выраку Іванову перанесла інсульт і праз чатыры гады памерла

Пракурор задае пытаньні Сьляпнёву.

«Мая жонка пасьля апраўдальнага выраку Іванову перанесла інсульт і праз чатыры гады памерла, — кажа Леанід Сьляпнёў. — Забойцу я ня ведаў, першы раз пабачыў яго толькі ў судзе...

Мая дачка добра вучылася ў школе, потым скончыла фізкультурны інстытут, займалася спортам, выкладала фізкультуру ў школе. Пасьля занялася камэрцыяй разам з мужам, гандлявала рыбай. Яе першы муж Віталь Паддубскі загінуў у аўтакатастрофе, яна выйшла замуж за іншага чалавека, Посахава. Ён вучыўся ў школе міліцыі. Ад першага шлюбу дачка мела сына Аляксея, у другім шлюбе нарадзілася дачка Вольга, яна інвалід.

Я ня надта добра ведаў другога мужа дачкі. Ён актыўны быў. Чаму ён разышоўся са Сьвятланай, я ня ведаю. Усё нармальна ў яе было пасьля. Зьявіўся новы муж, Дзем'янюк. Я, шчыра кажучы, ня памятаю датаў, калі гэта адбывалася. Ня памятаю падрабязнасьцяў ужо, памяць падводзіць.

У 2009 годзе дачка працавала ў арганізацыі, якая займалася гандлем лекамі і парфумай. Падрабязнасьцяў не расказвала. Віталася, гаварыла, што ўсё добра, і ўсё. Ведаю, што была ў сэкце, Сьведкі Яговы. Яна нават мужа і сына туды ўцягнула. Я зьдзіўляўся гэтаму. Казаў, што яна падурэла, неяк выцягнуў унука адтуль. Думаю, яна наведвала сэкту да самай сьмерці».

11:27 27.3.2018

Пракурор падрабязна распытвае Леаніда Сьляпнёва пра дом, у якім жыла ягоная дачка да забойства. Абвінаваўцу цікавяць падрабязнасьці, зьвязаныя з ацяпляльным абсталяваньнем, а таксама абсталяваньнем кухні — лядоўняй і маразільнікам.

Катэдж, у якім адбылося забойства
Катэдж, у якім адбылося забойства

11:39 27.3.2018

Бацька забітай расказаў пра меркаваную прыладу забойства

«Мне знаёмыя хлопцы рабілі нажы на заводзе, — расказаў Сьляпнёў. — І дачка брала часам сабе некаторыя... Я памятаю той нож. Драўляная ручка, 10–12 сантымэтраў. Мы ім у гародзе карысталіся, ён на зямлі мог валяцца. Звычайны сялянскі нож, гаспадарчы. Ён аднойчы нават зімаваў на гародзе, забылі яго там... Ручка была ня вельмі надзейная, вывальвалася. Трэба было папраўляць час ад часу. Лязо не выпадала, але трэба было папраўляць.

Ня памятаю дакладна, калі я апошні раз бачыў гэты нож. Ён пастаянна быў у дачкі, Сьвятланы. Пра тое, што ў матэрыялах справы фігуруе яшчэ адзін клінок, я ня ведаю».

11:54 27.3.2018

Пракурор задае пытаньні бацьку забітай пра дзень забойства

Пракурор Гіргель задае пытаньні бацьку забітай Леаніду Сьляпнёву пра дзень, калі было ўчыненае забойства.

Леанід Сьляпнёў
Леанід Сьляпнёў

«Я быў на працы, калі мне паведамілі, што Сьвятлану забілі, — успамінае Сьляпнёў. — Я ня памятаю дакладнай даты, калі яе апошні раз бачыў жывой. Раз на некалькі дзён мы сустракаліся, яна заходзіла (бацька і дачка жылі побач, у суседніх дамах)... Я прыехаў, ужо ўскрылі дзьверы дома дачкі. Быў начальнік ГУУС, пракурор. Я тады ўбачыў цела. Гэта было 5 лютага. У папярэднія дні ніхто не турбаваўся, што Сьвятлана некуды зьнікла. Я ня памятаю такога...»

Дзяржаўны абвінаваўца падаў хадайніцтва, каб агучылі матэрыялы папярэдняга расьсьледаваньня, бо там паказаньні пацярпелага паўнейшыя. Судзьдзя хадайніцтва задаволіў. Зараз пракурор агучыць паказаньні Сьляпнёва, дадзеныя падчас папярэдняга сьледзтва, адразу пасьля забойства Сьвятланы Паддубскай у лютым 2009 году.

11:59 27.3.2018

Пра трэцяга мужа забітай: бацька меў зь ім канфлікт і падазраваў яго ў забойстве дачкі

Пракурор зачытаў паказаньні Сьляпнёва, дадзеныя 5 лютага 2009 году. Паводле іх, бацька забітай апошні раз бачыў сваю дачку за тры дні да таго, як быў знойдзены яе труп. З паказаньняў Сьляпнёва таксама вынікае, што ён меў канфлікт з трэцім мужам сваёй дачкі — Дзем’янюком. І падазраваў яго ў забойстве дачкі.

10 ліпеня 2009 году бацька забітай пацьвердзіў, што ягоная дачка і ён мелі канфлікт зь яе трэцім мужам Дзем’янюком. Ён сказаў, што пасьля разводу Сьвятланы зь ім Дзем’янюка больш у доме дачкі ня бачыў.

12:16 27.3.2018

«Цяпер я ня думаю, што Дзем’янюк (трэці муж Сьвятланы Паддубскай. — РС) мае дачыненьне да забойства дачкі», — сказаў бацька забітай жанчыны.

12:26 27.3.2018

Паказаньні Сьляпнёва пра трэцяга мужа дачкі Сьвятланы, дадзеныя ў 2009 годзе

«Я бачыў, што Дзем’янюк несамастойны чалавек, увесь у татуіроўках, — расказваў Леанід Сьляпнёў на папярэднім сьледзтве. — Я быў супраць гэтага шлюбу, нават на вясельле не пайшоў. Пасьля разводу зь Дзем’янюком дачка прыкладна два гады жыла адна».

З паказаньняў Сьляпнёва, дадзеных у 2009 годзе, вынікае, што ён аднойчы бачыў, як за ягонай дачкой з нажом ганяўся трэці муж Дзем’янюк. Аднак пазьней яны памірыліся. Апошні раз Дзем’янюка бацька забітай бачыў за год да забойства дачкі побач з суседнім домам.

13:05 27.3.2018

У судзе абвешчаны перапынак на абед да 14.05.

13:59 27.3.2018

У Вярхоўны суд прыехала здымачная група тэлеканала ОНТ. Дагэтуль дзяржаўнага тэлебачаньня на працэсе не было.

14:14 27.3.2018

Паседжаньне працягнулася.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG