Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: Беларуская Народная Рэспубліка была. І мы адтуль! (Поўны тэкст)


Поўны тэкст звароту ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч да суайчыньнікаў з нагоды 100-годзьдзя БНР.

Зварот пісьменьніцы на мітынгу каля Опэрнага тэатру зачытала вядучая імпрэзы, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Сама Святлана Алексіевіч не рашылася выступіць на халодным паветры: у яе праблемы з горлам.

«Я шкадую, што мяне ў гэты дзень няма сярод вас, і я ня чую вашы галасы, ня бачу вашых твараў. І ў той жа час я з вамі, у думках я з вамі.

Сёньня ў нас сьвята — мы сьвяткуем тое, што мы ёсьць. Усьведамляем тое, што мы ёсьць беларусы. Беларусы ня раз маглі зьнікнуць у бездані імпэрыі. Два стагодзьдзі вынішчалася ўсё беларускае.

Сталін разумеў, што без нацыянальнай культуры і мовы няма народу

Каралеўская Польшча і Маскоўскае княства бязьлітасна перамолвалі беларускую культуру. Відны польскі палітычны дзеяч Раман Дмоўскі яшчэ ў пачатку XX стагодзьдзя адгукаўся пра беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў як пра «палякаў ніжэйшага гатунку», а Сталін рабіў зь беларусаў расейцаў. Крывавыя рэпрэсіі на беларускай зямлі адбываліся пастаянна, пачынаючы з кастрычніцкага перавароту і да сьмерці Сталіна ў 1953-м годзе.

Мой бацька да вайны вучыўся ў Менску ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, і ён распавядаў, як адзін за адным зьнікалі найлепшыя выкладчыкі і студэнты. Бацьку выратавала вайна, ён пайшоў на фронт.

Зьнішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя. Сталін разумеў, што без нацыянальнай культуры і мовы няма народу.

Як жа мы выстаялі, выратаваліся? Вось гэтыя, «тутэйшыя», «Людзі на балоце», так, выстаялі! Я яшчэ засьпела па вёсачках старых жанчын, якія гаварылі на чыстай беларускай мове. Слухаючы іх, разумела, што гэта яны хаваюць, сьцерагуць нашую краіну ліцьвінаў. Ніколі ня памірала народная душа.

нашы апанэнты любяць казаць, што ў гэтай дзяржавы не было межаў, не было арміі, не было нічога. Але праз 100 гадоў мы ведаем, што Беларуская Народная Рэспубліка была. І мы адтуль!

У інтэрнэце няцяжка знайсьці фатаграфіі дэлегатаў Першага ўсебеларускага зьезду ў 1917 годзе — гэта твары вольных людзей. Яны вераць, яны мараць — гэта відаць. Толькі яны маглі зрабіць тое, што зрабілі: сярод вайны, разрухі і рознагалосьсяў абвясьціць БНР. А нашы апанэнты любяць казаць, што ў гэтай дзяржавы не было межаў, не было арміі, не было нічога. Але праз 100 гадоў мы ведаем, што Беларуская Народная Рэспубліка была. І мы адтуль!

Тыя, хто вырас у СССР, нічога ня ведалі пра Беларускую Народную Рэспубліку, а калі ведалі, то гаварылі пра гэта шэптам. Мы вырасьлі зь мінулага. Нас прымушалі любіць чужое мінулае. Ужо вырасла маладое пакаленьне, якое ведае і любіць сваё мінулае, гатовае за яго змагацца«.

Поўны тэкст звароту Сьвятланы Алескіевіч пададзены паводле публікацыі на сайце газэты «Наша Ніва».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG