Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульні скончыліся. Як «Беларусьфільм» перастараўся ў стварэньні прапагандысцкага кіно


Сцэна з фільму «Не гульня», Беларусьфільм 2017
Сцэна з фільму «Не гульня», Беларусьфільм 2017

Яшчэ ў час, калі Бэрлінскі міжнародны кінафэстываль грымеў прэм’ерамі новых фільмаў Уэса Андэрсана, Кім Кі Дука і Стывэна Содэрбэрга, у Менску таксама паказалі навінку. 16 лютага ў кінатэатры «Масква» «Беларусьфільм» прадставіў сваю сьвежую карціну «Не гульня», прысьвечаную стагодзьдзю ўзброеных сіл Беларусі.

Фільм быццам вынырнуў з інфармацыйнага вакуўма і нечакана аказаўся ў распарадку дня, бо да перадпрэм’ернага паказу чуваць пра супрацу кінастудыі з Міністэрствам абароны не было. Інтрыгуе таксама той факт, што ў тытрах і выходных дадзеных не значыцца імя рэжысэра, хаця ён — адзіны — існуе.

Тым ня менш паказ з выставай зброі, вітальнымі словамі чыноўнікаў і абяцаньнем хутка выпусьціць карціну ў пракат адбыўся і мэтавая аўдыторыя атрымала свой падарунак (менавіта падарункам усім беларусам фільм быў названы са сцэны кінатэатра). Мы ж заўважылі ў гэтым кіно ганебныя прымхі і знакі прапаганды, хоць тая выстава зброі і прымушае нас крыху асьцерагацца выяўляць іх.

Аляксей вырашае пайсьці ў армію, каб заваяваць павагу

Ідэі праграміста Аляксея Кузьмянкова не ўхваляе начальства, а ўпадабаная ім дзяўчына адмаўляецца ісьці на спатканьне — усё са зьневажальнымі камэнтарамі ў плыні клішэ пра сапраўдных і несапраўдных мужчын. У выніку Аляксей вырашае пайсьці ў армію, каб заваяваць павагу і на аснове атрыманага вопыту стварыць удалую кампутарную гульню з танкамі. Канешне, у войску яго чакае шэраг выпрабаваньняў, але галоўным чынам — сябры, высакародныя ўчынкі і пераасэнсаваньне жыцьця.

Відаць, аўтары імкнуліся стварыць кіно, дзе задача зрабіць прысьвячэнне беларускім узброеным сілам не ўвасаблялася б у кандовай, літаральнай форме.

Адсюль галоўны герой — айцішнік, кампутарныя гульні з танкамі, камэдыйныя элемэнты, імкненьне да драйвовасьці, спроба зрабіць спалучэньне рэалістычнай здымкі з эстэтыкай кампутарных гульняў. Маўляў, мадэрновы фільм, які рэфлексуе на сучаснасьць і выкарыстоўвае яе элемэнты (у адрозьненьне ад мінулага «юбілейнага» праекту «Сьляды на вадзе», дзеяньне якога адбываецца ў пасьляваенныя часы).

Унутры – тыя ж кандовыя сюжэтныя формы

Зрэшты, мадэрновасьць фільму — вонкавая і найграная, бо па сутнасьці «Не гульня» будуецца на даволі архаічных кодах і мэтадах прапагандысцкага кіно.

Карціна да юбілею, як бы яе не імкнуліся зрабіць драмай для шырокага гледача з галоўным героем праграмістам, скочваецца да прадказальных узораў пра армейскія будні, узаемадапамогу і сапраўднае сяброўства. З усіх спосабаў распавядаць пра ўзброеныя сілы аўтары выбралі самы банальны — будаваньне на шырока распаўсюджаным стэрэатыпе, маўляў, армія перавыхоўвае інфантыльных хлопцаў у высакародных мужчын з належнымі каштоўнасьцямі. То бок, калі звонку тут адпаведнасьць парадку дня, драйвовасьць і гульлівыя ўстаўкі з танкавых стратэгій, то ўнутры — тыя ж кандовыя, літаральныя сюжэтныя формы, прычым клапатліва прыкрытыя.

Чаму варта задумацца аб этычным складніку мэтадаў, якімі «Беларусьфільм» стварае кіно да юбілеяў.

У цэлым гульня на такім перавыхаваньні недапушчальная: прысьвечаны стагодзьдзю ўзброеных сіл фільм апрыёры прадузяты, у той час як названы стэрэатып тут уводзіцца ў неаспрэчны абсалют. Так з самой кампазыцыі вынікае, што армія — гэта бласлаўлёнае месца, дзе ўсё па вызначэньні абарочваецца станоўчымі вынікамі.

Таксама невыпадкова ўзьнікае недарэчны эпізод, у якім армейцы, у тым ліку галоўны герой, выратоўваюць людзей зь цягніка падчас небясьпечнага ўзгараньня. Здавалася б, ну навошта, дзеля чаго? — а ўзьнікае ён менавіта тады, калі Аляксей Кузьмянкоў ужо быццам набраўся мужчынскай сапраўднасьці.

Маецца на ўвазе, што без армейцаў людзей з палаючага вагона не было б каму даставаць. Што Аляксей, апыніся ён у аналягічнай сытуацыі год таму, ня здолеў бы дапамагчы іншым. Што на гераізм здольныя толькі тыя, у каго за плячыма шыхтавая падрыхтоўка. Толькі з катэгарызмам, які «Не гульня» трансьлюе праз пабудову сцэнару, складана згадзіцца, бо армія, як і любая зьява навакольля, — рэч супярэчлівая, таму распавядаць пра яе аднабокімі і недвухсэнсавымі заявамі значыць моцна і сьвядома скажаць рэчаіснасьць.

Беларуская мара зьвязаная з надзеямі на дабрабыт у IT

Дарэчы, цікава паглядзець на сюжэт праз уключэньне ў яго IT. Праграмісты і распрацоўка танкавых стратэгій, што відавочна адсылае да пасьпяховай анлайн-гульні World of tanks, якая робіць гонар беларускім праграмістам і Беларусі ўвогуле, упісваецца ў сюжэты айчыннага кіно не ўпершыню. Тут яна можа ўспрымацца такім ненавязьлівым сымбалем краіны і часу: калі ў ЗША была іх амэрыканская мара, то беларуская мара зьвязаная з надзеямі на дабрабыт у IT, і апасродкавана гэта ўжо адлюстроўваецца ў нашым сьціплым кінэматографе.

Але прысутнасьць IT-сфэры ў «Не гульні» мае для задач кінастудыі асаблівае значэньне, бо яе суседзтва з узброенымі сіламі стварае невыпадковы сэнсавы ланцужок. Па сюжэце праграміст — чытаць: прадстаўнік пасьпяховага, пэрспэктыўнага, аўтарытэтнага напрамку — шукае выратаваньня ў арміі. То бок сфэра IT зьвяртаецца да старой, праверанай школы жыцьця. Іншымі словамі, мадэрновы тэхналягічны сучасны сьвет усё роўна грунтуецца на армейскай выпраўцы.

Галоўны герой дасягае сваёй мэты – толькі дзякуючы пабыўцы ў арміі

Яшчэ ў больш цікавым становішчы IT аказваецца праз тэму перавыхаваньня: Аляксей Кузьмянкоў, што стварае кампутарныя гульні, пасьля ўдзелу ў вучэньнях са стральбой у фіктыўныя цэлі агучвае ўзьнёслыя словы, маўляў, вось гэта не гульня. То бок у праграмістаў усё бірулькі, а сапраўднае, непадробленае і магутнае — у арміі (ды і сьмешна гэта, бо вучэньні — таксама, па сутнасьці, гульня). Той жа пасыл перадае супастаўленьне герояў другога пляну: мужчын з навакольнага сьвету, сярод якіх нэрвовы начальнік і сябар-здраднік, і высокамаральнага, паважанага, надзейнага вайсковага кіраўніцтва. І нарэшце, умоўная IT-сфэра робіць сымбалічны крок наперад — галоўны герой дасягае сваёй мэты — толькі дзякуючы пабыўцы ў арміі. Карацей, хто на п’едэстале, — зразумела.

Усё гэта выяўляе пэўную абмежаванасьць мысьленьня, у якой існуюць стваральнікі кіно, бо апроч іншага «Не гульня» бясконца культывуе спрэчныя прымхі пра сапраўдных мужчын і пра тое, дзе імі становяцца. Пачынаецца гэта, вядома ж, са зьневажальных выразаў у бок Аляксея, згодна з якімі той па вызначэньні нічога ў жыцьці не разумее. Лёгіка фільму як бы аўтаматычна адсейвае неармейскіх мужчын, то бок выстройвае пэўную герархію, у якой нехта па-за пляцам не можа прэтэндаваць на высакароднасьць.

Такія алюзіі дазваляюць упісаць “Не гульню” ў кантэкст прапагандысцкага кіно

Такія невідавочна-відавочныя алюзіі дазваляюць упісаць «Не гульню» ў кантэкст прапагандысцкага кіно, бо чым далей за вонкавасьць, тым выразьней фільм блішчыць дастаткова пазнавальнымі мэтадамі.

Калі Савецкаму Саюзу трэба было прынізіць царкву, на экране паказвалі скідваньне крыжоў; калі трэба было супаставіць калгасьнікаў з кулакамі, першымі былі прыгожыя і прыстойныя вяскоўцы, а другімі — камічныя пэрсанажы; калі трэба было сказаць пра сяброўства народаў, дык на экране разварочвалася гісторыя каханьня паміж рускай і дагестанцам. З такой жа нясьцерпнай літаральнасьцю ў кіно XXI стагодзьдзя спрабуе перадаць свой няхітры сэнс «Не гульня».

У выніку нават сам фільм — а кінастудыя зноў замахнулася на тое, што ня здольная належным чынам увасобіць, — аказаўся не такім цікавым, як аналізаваньне закладзеных у яго кодаў і мадэляў работы. У тым ліку таму, што глядзець карціну — катастрафічна нудна. Дынамічныя сцэны, напружаныя моманты вызначэньня, эмацыйныя эпізоды пастаўлены бязглузда, без належнага рытму, без разуменьня дарэчнасьці паўзаў, без анічога, што дапамагло б гледачу прасякнуцца і ўключыцца ў гісторыю.

Нам даўно не даводзілася бачыць такой халтурнай работы

Нам даўно не даводзілася бачыць такой халтурнай работы, абыякавасьці да кіно і апантанасьці ў данясеньні патрэбнага пасылу, але патрэбнага, вядома ж, не гледачу. У гэтай рабоце літаральна ўсё сьлепа імкнецца падкрэсьліць свяшчэннасьць і крыштальнасьць юбіляра, кінастудыя ў сваёй мэтанакіраванасьці прэ як той жа танк, кіруецца праверанымі савецкімі лекаламі і не ўсьведамляе мяжы, за якую нельга пераступаць.

З чарговага юбілейнага праекту Нацыянальнай кінастудыі выйшаў абражальны, абмежаваны, прапагандысцкі фільм, які выстройвае герархію людзей і спрабуе зарэтушаваць свае неганаровыя спосабы здымаць кіно. У сфэру мастацтва «Не гульня» нават не ўступае, затое агаляе кінастудыйныя недасканаласьці, у якіх і ўслых не захочаш прызнацца, і схільнасьць да забабонаў, проціпаказаных у кінасфэры. Адным словам, «падарунак усім беларусам» аказаўся так сабе.

Ірэна Кацяловіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG