Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталёнскі лідэр Пудждэмон пазьбег арышту ў Фінляндыі


Карлас Пудждэмон

Лідэр каталёнскіх сэпаратыстаў Карлас Пудждэмон пакінуў Фінляндыю, да таго як фінскія ўлады пасьпелі затрымаць яго па выпісаным у гішпаніі ордэры, паведамляе ВВС.

Пра тое, што Пудждэмон пакінуў Хэльсынкі і вярнуўся ў Бэльгію, паведаміў фінскі парлямэнтарый Міка Карна.

Між тым фінская газэта Helsingin Sanomat цытуе прадстаўніка фінскага бюро расьсьледаваньняў, які кажа, што ягонай структуры невядома, дзе знаходзіцца Пудждэмон.

Бэльгійскі адвакат Пудждэмона заявіў, што не атрымліваў ад гішпанскіх калегаў дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць эўрапейскі ордэр на арышт Пудждэмона, і ня стаў казаць, дзе знаходзіцца ягоны кліент.

«Я ня бачыў новага эўрапейскага ордэра на арышт у дачыненьні да свайго кліента (Пудждэмона — РС) і не атрымаў яшчэ ніякіх дакумэнтаў ад майго гішпанскага калегі, які прадстаўляе інтарэсы Пудждэмона, якія сьведчылі б аб выдачы ордэра», — цытуе адваката Пола Бекаэрта бэльгійскае выданьне Nieuwsblad.

Ордэр на арышт каталёнскага палітыка быў выпісаны ў пятніцу, на наступны дзень пасьля ягонага прыезду ў Хэльсынкі.

Пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці, які прайшоў у Каталёніі і які Мадрыд прызнаў незаконным, Пудждэмон знаходзіўся ў Бэльгіі.

Сытуацыя ў Каталёніі па-ранейшаму застаецца напружанай. Парлямэнт Каталёніі адмовіўся ад плянаў назваць імя новага кіраўніка мясцовага ўраду пасьля таго, як быў арыштаваны папярэдні кандыдат.

Мінулай восеньню тысячы людзей у Каталёніі пратэставалі пасьля таго, як Вярхоўны суд Гішпаніі абвінаваціў 25 каталёнскіх палітыкаў, уключаючы Пудждэмона, які ўзначальваў урад аўтаноміі, у мецяжы і растраце шляхам арганізацыі рэфэрэндуму аб незалежнасьці ад Гішпаніі. Самі палітыкі віну не прызнаюць.

Абвінавачаным па найбольш цяжкіх артыкулах пагражае турэмнае зьняволеньне тэрмінам да 30 гадоў.

23 сакавіка ў выніку сутыкненьняў з паліцыяй у Барсэлёне пацярпелі больш за 20 чалавек. Дэманстрацыі прайшлі і ў іншых гарадах Каталёніі.

24 сакавіка Вярхоўны суд распарадзіўся на час разьбіральніцтва ўзяць пад варту бяз права на вызваленьне пад заклад пецярых ключавых каталёнскіх палітыкаў. Сярод іх — Жордзі Турул, які зьяўляўся кандыдатам на пасаду кіраўніка ўрада Каталёніі, вакантную зь лістапада 2017 году. Астатнія палітыкі на момант рашэньня суда ўжо былі арыштаваныя альбо беглі за мяжу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG