Ахвярамі тэракту ў горадзе Трэб на поўдні Францыі сталі тры чалавекі, яшчэ 16 пацярпелі. Двое параненых — у крытычным стане. Пра гэта заявіў францускі прэзыдэнт Эмануэль Макрон. Ён заклікаў паліцыю высьветліць, адкуль у нападніка была зброя і чаму ён стаў радыкальным ісламістам.
Раніцай 23 сакавіка выхадзец з Марока скраў аўтамабіль, застрэліў кіроўцу, пасьля чаго адкрыў агонь па паліцыянтах. Адзін з супрацоўнікаў паліцыі атрымаў раненьне. Пасьля гэтага нападнік захапіў закладнікаў у супэрмаркеце гораду Трэба. Падчас штурму загінулі яшчэ два чалавекі. У ходзе спэцапэрацыі адзін з паліцэйскіх абмяняў сябе на закладніка. Прэзыдэнт Макрон асобна падзякаваў яму за мужнасьць.
Адказнасьць за напад узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава». Сам зламысьнік прылічаў сябе да прыхільнікаў гэтай экстрэмісцкай групоўкі. Захапіўшы закладнікаў, ён патрабаваў вызваліць з турмы Салаха Абдэслама — аднаго з арганізатараў сэрыі нападаў у Парыжы ў лістападзе 2015 году. Ахвярамі парыскіх тэрактаў сталі 130 чалавек.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў