Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША прыняў бюджэт, які прадугледжвае значнае павелічэньне ваенных выдаткаў


Кангрэс ЗША ў ноч на пятніцу ўхваліў законапраект аб дзяржбюджэце на суму 1,3 трыльёна даляраў, які прадугледжвае значнае павелічэньне ваенных і не абаронных выдаткаў, паведамляе Голас Амэрыкі.

Зараз дакумэнт накіраваны на подпіс прэзыдэнту Дональду Трампу, які, як чакаецца, яго зацьвердзіць. З подпісам Трампа законапраект дасьць магчымасьць прадухіліць чарговае частковае закрыцьцё ўраду і забясьпечыць фінансаваньне працы фэдэральных ведамстваў да 30 верасьня.

У Сэнаце законапраект падтрымалі 65 галасамі супраць 32, а ў Палаце прадстаўнікоў — 256 супраць 167.

Нягледзячы на заклікі рэспубліканскіх лідэраў падтрымаць законапраект, некаторыя сябры партыі прагаласавалі супраць. Так, сэнатар Рэнд Пол у чацьвер раскрытыкаваў дакумэнт у «Твітэры», заявіўшы, што ў ім занадта шмат непатрэбных выдаткаў. Паводле яго слоў, законапраект прадугледжвае велізарныя сумы на састарэлыя праграмы. Вылучаныя ў апошні момант пярэчаньні Пола зацягнулі галасаваньне ў Сэнаце да позьняй ночы.

У дакумэнце ёсьць і палажэньні, якімі кансэрватары задаволеныя: павелічэньне ваеннага бюджэту на 80 мільярдаў даляраў і павышэньне расходаў на ахову межаў.

Але некаторыя ініцыятывы Трампа фінансаваньнем абдзялілі.

У ходзе працяглых бюджэтных перамоваў прэзыдэнт патрабаваў вылучыць 25 мільярдаў даляраў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай, а ў выніку атрымаў толькі 1,6 мільярда.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG