Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр павіншаваў зь Днём Волі пікетам. Яму паціскалі руку і пагражалі


«Працоўнае месца» вядомага віцебскага распаўсюдніка незалежнага друку сёньня выглядае незвычайна: апрача століка з часопісамі пад бел-чырвона- белым парасонам, тут і выява «Пагоні», і «вышыванка-віншаванка».

Барыс Хамайда кажа, што знарок аздобіў гэтае месца каля так званага «сіняга дома», дзе ён ужо больш як 20 гадоў ладзіць розныя акцыі і распаўсюджвае незалежны друк.

«Я выйшаў зь віншаваньнямі 23-га, бо гэта мой апошні працоўны дзень на тыдні. Так склалася здаўна: у суботу і нядзелю я займаюся хатнімі справамі. 25-га сакавіка буду таксама адзначаць дома, зь сябрамі. А цяпер хачу нагадаць усім жыхарам Віцебску пра 100-гадовы юбілей БНР», — сказаў спадар Хамайда.

Віцебскія мінакі рэагавалі на віншаваньне неадназначна: нехта паціскаў руку найстарэйшаму віцебскаму апазыцыянэру, нехта распытваў пра БНР. Але былі і агрэсіўныя напады, калі ў бок Барыса Хамайды кідалі абразы і пагрозы.

Міліцыя на наяўнасьць пікетоўца ў цэнтры гораду не рэагавала. Паводле суразмоўцы, апошні раз яго затрымлівалі ў 2014 годзе. Падобна, сілавыя структуры зьмірыліся з існаваньнем гэтай «выспы свабоды» пад бел- чырвона-белым парасонам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG