Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі актывістаў Моладзі БНФ, якія раздавалі запрашэньні на Дзень Волі


Скульптура царскага паліцыянта ў Менску, ля якога фатаграфавалі затрыманыя актывісты Моладзі БНФ

У Менску 22 сакавіка затрымалі чатырох актывістаў Моладзі БНФ, якія раздавалі ўлёткі пра дазволены Менгарвыканкамам канцэрт 25 сакавіка каля Опэрнага тэатру.

«Мне толькі напісалі, што дваіх адпусьцілі, а дваіх забралі ў РАУС, нібыта апытаць. Сказалі, што іх адпусьцяць, як апытаюць», — сказаў Радыё Свабода экс-старшыня Моладзі БНФ Юры Лукашэвіч.

Сярод затрыманых Арцём Касавараў і тры непаўналетнія актывісты Моладзі БНФ, іх імёны Лукашэвіч не назваў.

Затрыманыя знаходзяцца ў Маскоўскім РАУСе. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў спрабаваў высьветліць сытуацыю ў міліцыі, але яго папрасілі зьвярнуцца ў прэс-службу.

Абноўлена: па інфармацыі Юрася Лукашэвіча, усіх непаўналетніх актывістаў адпусьцілі, Арцём Касавараў — у ізалятары на вул. Акрэсьціна ў Менску. Дата суда над Касаваравым невядома.

Актывісты раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра дазволены канцэрт 25 сакавіка і словамі песьняў, якія ўдзельнікі ўрачыстасьцяў будуць выконваць на канцэрце разам са «Сьпеўным сходам». Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», праходзячы па вуліцы Гарадзкі вал, двое з актывістаў іх вырашылі сфатаграфавацца ля скульптуры мінскага гарадавога. Менавіта ў гэты момант да маладых людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі.

Помнік гарадавому ў форме Расейскай імпэрыі адкрылі ў Менску да 100-годзьдзя беларускай міліцыі летась у сакавіку. Гэты помнік ужо фігураваў у ранейшых затрыманьнях. Вячаславу Касінераву было прад’яўлена абвінавачаньне за пэрформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на статую «царскага гарадавога». Актывіст такім чынам выказаў пратэст супраць міліцэйскага самавольства і перасьледу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях. Касінерава абвінавацілі ў хуліганстве. Маскоўскі суд Менску пакараў актывіста штрафам у пяць базавых велічынь. Таксама за ланцужок на шыю гарадавога затрымоўвалі бяздомнага, які тлумачыў свой учынак «добрым надворʼем».

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На правядзеньне канцэрту-мітынгу талакой сабралі амаль 35 тысяч рублёў, збор сродкаў працягваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG