Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ёсьць народам!» Літаратурна-мастацкая выстава пра дзеячоў і падзеі часоў БНР 


Мастак Алесь Цыркуноў (зьлева) рыхтуецца да выставы «Мы ёсьць народам!»

У Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры 22 сакавіка пачынае працу тэматычная выстава «Мы ёсьць народам!», прысьвечаная дзеячам і падзеям часоў Беларускай Народнай Рэспублікі. Мастацкую частку складуць творы Алеся Цыркунова, архіўныя матэрыялы пакажа музэй.

«Паралельна будзе і мая выстава, і музэй падзеліцца інфармацыяй па тагачасных дзеячах літаратуры, як бы імпрэза „двайнога прызначэньня“, — удакладняе Алесь Цыркуноў. — Ну, а калі нехта яшчэ захоча выступіць, песьню засьпяваць — ніхто ня будзе супраць. Што праўда, мае работы на загад дырэктара мусілі адны зьняць, іншыя памяняць — нічога ня зробіш, ня я ж арганізатар. Але адпачатку была прапанавана такая нагода, таму я і ўдзельнічаю, інакш не было сэнсу».

Паводле мастака, першапачаткова ён зьбіраўся выставіць паўтара дзясятка палотнаў, у выніку «рэвізіі» засталося крыху больш за палову. Адміністрацыя патлумачыла, што для архіўных дакумэнтаў запатрабавалася больш месца, чым меркавалася адразу.

Цалкам галерэю жывапісных вобразаў Алеся Цыркунова можна будзе пабачыць на выставе ў сядзібе Таварыства беларускай мовы 25 сакавіка, акурат у сотую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

У сваю чаргу, як адзначылі ў музэі, літаратурна-дакумэнтальная частка мае слоган «Станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці». Будзе прадстаўлена хроніка падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі цягам 1917–1919 гадоў. Яна дасьць магчымасьць прасачыць заканамернасьці працэсу нацыянальнага самавызначэньня беларускага народу, ацаніць перадумовы абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, адчуць градус тагачаснай грамадзка-палітычнай і літаратурнай сытуацыі.

На цырымонію адкрыцьця выставы «Мы ёсьць народам!» запрошаныя пісьменьнікі, мастацтвазнаўцы, а таксама барды Андрэй Мельнікаў і Тацяна Грыневіч.

Выстава будзе працаваць у менскім Траецкім прадмесьці на вуліцы Багдановіча, 13.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG