Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэскі тэлеканал паказаў гумарыстычнае шоў пра Беларусь


Тэлеканал NRK паказаў гумарыстычнае шоў пра падарожжа нарвэскіх комікаў Эйстэйна Баке і Рунэ Гокштада​ зь Фінляндыі ў Турцыю на старой яхце. Дзьве часткі папулярнай перадачы Team Bachstad здымалі ў Беларусі.

Пра падарожжа нарвэгаў па Дняпры Свабода паведамляла летась у верасьні.

Нарвэскія комікі здымаюць шоў пра Беларусь

Эйстэйн Баке і Рунэ Гокштад разам з аматарам гісторыі Торы Мэнт’ярві пачалі сваё падарожжа ў Фінляндыі. Праз Расею, Беларусь і Ўкраіну яны плылі ў Стамбул.

Усе свае прыгоды комікі здымалі на відэакамэру. У выніку атрымалася шэсьць паўгадзінных частак, а падзеі ў 3-й і 4-й адбываюцца ў Беларусі. Комікі расказалі нарвэскім гледачам пра Беларусь, Менск і ўзгадалі пра «апошняга дыктатара Эўропы». Нарвэгі паказалі сцэны ратаваньня іхнай старой яхты супрацоўнікамі МНС, беларускія застольлі, закупы на кірмашы, наведваньне Воршы, Шклова, Рагачова, распавялі пра страты Беларусі падчас ІІ сусьветнай вайны. Паказалі і наведваньне лазьні.

У закадравых камэнтарах комікі шматкроць адгукаліся пра гасьціннасьць беларусаў і незвычайную ўвагу да іх з боку тутэйшых. Падчас адной з апэрацыяў ратаваньня яхты яны налічылі на беразе дзьве здымачныя групы тэлеканалаў і агулам 22 асобы.

«Нашае шоў вельмі добра глядзелася і мела пазытыўны водгук публікі. Людзі былі ў захапленьні, што мы сустрэлі ў Беларусі столькі цудоўных людзей, якія нам дапамаглі. Нас паўсюль хацелі карміць, прапаноўвалі гарэлку на сьнеданьне. Мы хацелі б яшчэ раз падзякаваць за неверагодную гасьціннасьць і дапамогу ад людзей, якіх мы сустрэлі ў Беларусі», — сказаў Свабодзе Эйстэйн Баке.

Рунэ Гокштад і Торы Мэнтʼярві каштуюць беларускі алькаголь
Рунэ Гокштад і Торы Мэнтʼярві каштуюць беларускі алькаголь

Эйстэйн Баке і Рунэ Гокштад — гэта папулярныя комікі нарвэскай тэлерадыёкампаніі NRK. Яны вядуць уласныя перадачы з канца 1980-х. Іхныя шоў зьбіраюць мільённую аўдыторыю. Апошні супольны праект комікаў — перадача Team Bachstad. Гэта гумарыстычная сэрыя пра падарожжы вакол сьвету. Пасьля Паўднёвай Амэрыкі былі Кітай, Індыя, Манголія, Камбоджа, а цяпер і Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG